Легендарныя акцыі і перформансы Алеся Пушкіна можа пабачыць у варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі

Дзеля мастацтва ён аддаў усё, у тым ліку сваё жыццё.

Відэадакументацыя і працы мастакоў, фатографаў, рэжысёраў узнаўляюць атмасферу бунтарскай і, як аказалася, небяспечнай для жыцця творчасці Алеся Пушкіна. Выстава “Ales Pushkin. Afterlife” адкрылася ў варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі ў дзень нараджэння мастака і акцыяніста 6 жніўня, піша DW. Сярод экспанатаў знайшлася турэмная жоўтая бірка, знятая з Пушкіна ў моргу.

У варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі можна ўбачыць вулічныя акцыі Алеся Пушкіна, які стаў культавым аўтарам у мастацкім палітычным выказванні і год таму памёр у беларускай турме. Куратар выставы “Ales Pushkin. Afterlife” Андрэй Дурэйка называе экспазіцыю групавым калажом: “Яна вельмі нетыповая, такіх пра Пушкіна яшчэ не рабілі”. Паводле яго словаў, тут прадстаўлены ў тым ліку матэрыялы, што дагэтуль не з’яўляліся ў публічнай прасторы.

Здымкі беларускіх палітвязняў на выставе "Ales Pushkin. Afterlife"

Каб увасобіць у музеі атмасферу акцый і перформансаў Пушкіна, выкарыстаны працы і архівы дзесяці мастакоў, фатографаў і рэжысёраў, сярод якіх Максім Тымінько, Яна Шостак, Руфіна Базлова, Антось Цялежнікаў, Янак Коўзель. Задзейнічаны таксама архіў самога Пушкіна.

“Для мяне было выклікам зрабіць выставу пра чалавека, якога ўжо няма, – кажа Андрэй Дурэйка. – Дзеля мастацтва ён аддаў усё, у тым ліку сваё жыццё, гэта недасягальная планка, з якой трэба лічыцца. Мне хацелася ўвасобіць атмасферу ягоных імправізацыйных інсталяцый, якія Алесь рабіў, выходзячы на плошчу ў Бабры. Усе матэрыялы я падаў у “кубістычны” спосаб – каб наведнік кружыў вакол гэтых структур з розных бакоў”.

Выстапва "Ales Pushkin. Afterlife"

Тут быў Алесь Пушкін

На плакаце выставы размешчаны надпіс “Тут быў Алесь Пушкін”, зроблены мастаком у камеры Валадаркі – трапіўшы ў тую самую камеру, фатограф Аляксандр Васюковіч перамаляваў яго і здолеў вынесці малюнак з сабой. У экспазіцыю таксама ўключаныя здымкі Аляксандра з пахавання палітвязня.

Выстава засяроджваецца на пяці тэмах, якія паказваюць Алеся Пушкіна як радыкальнага мастака-акцыяніста, і застаюцца актуальнымі для наведніка – “Дзень Волі”, “Падарунак прэзідэнту”, “СвЯты і святЫ”, “Беларускі рэзістанс”, “Супраціў вайне”.

Надпіс "Тут быў Алесь Пушкін" на плакаце
Надпіс “Тут быў Алесь Пушкін” на плакаце

Гэтую канцэпцыю Андрэй Дурэйка распрацаваў хутка пасля смерці Пушкіна, калі да яго звярнуліся калегі з Бразіліі з жаданнем зладзіць выставу мастака. У Бразіліі ад ідэі па выніку адмовіліся – як кажа Андрэй, з палітычных прычынаў, але неўзабаве распрацоўка праекта працягнулася ў Музеі Вольнай Беларусі.

“Дзень Волі – самая выразная акцыя, якую Алесь увасабляў на працягу ўсяго свайго жыцця і дзе народнае свята рабіў мастацкім выказваннем, – тлумачыць выбар тэм Андрэй Дурэйка. – “Падарунак прэзідэнту” – напэўна, самая значная і важная яго праца, але мала хто ведае, што іх было дзве. Алесь зрабіў рымейк у 2021 годзе ў Кіеве, пасля чаго яго арыштавалі. У гэтую тэму ўключана дакументацыя першай акцыі, я дадаў матэрыялы 2021 года і дэкларацыю, якую ён тады агучыў у Кіеве. У “Супраціве вайне”, канешне, тэма падтрымкі Украіны, пленэры, якія ён ладзіў у 2016 годзе на Данеччыне”.

Выстава "Ales Pushkin. Afterlife"

Жоўтая бірка, знятая ў моргу

Заўважнае месца на выставе займае еўрапейская прэм’ера відэаінсталяцыі Максіма Тымінько, якая да гэтага дэманстравалася ў Нью-Ёрку. “Мастак паказвае палітвязняў па стане на 2023 год, якія маршыруюць па горадзе так, як бы пратэстнае шэсце працягвалася. Сярод іх прысутнічае Алесь Пушкін, ён тады яшчэ быў жывы. Часткай інсталяцыі стаў спіс імёнаў палітвязняў, больш за 2000 чалавек”, – апісвае куратар.

Андрэй Дурэйка

На выставе паказваюцца фільмы Антося Цялежнікава і Іяланты Кіліян, выстаўлена вышыўка Руфіны Базловай, створаная пасля апошняга затрымання Алеся, беларуска-польская мастачка і акцыяністка Яна Шостак зрабіла ў прасторы музея сваю інтэрвенцыю-графіку.

“У апошні момант я атрымаў для выставы жоўтую бірку, знятую з Алеся ў гарадзенскім моргу, – працягвае Андрэй Дурэйка. – Гэта даволі жорсткі акцэнт. Беларускія палітвязні маюць падобнае пазначэнне, і гэта драматычна”.

Выстава “Ales Pushkin. Afterlife” будзе працаваць у Музеі Вольнай Беларусі да 31 жніўня.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *