Андрэй Саньнікаў: У Беларусь трэба ўводзіць міратворчыя сілы

Чаму Беларусь мае быць у NATO?

Чаго насамрэч баіцца Лукашэнка? Як рэжыму ў Менску ўдавалася адначасна падтрымліваць Асада і пастаўляць зброю сырыйскім паўстанцам? Чаму Беларусь мае быць у NATO? Што рабіць/не рабіць людзям у Беларусі з нагоды 26 студзеня?

І чаму ён крытычна ставіцца да Ціханоўскай і яе каманды? У этэры «ПіКу Свабоды» на гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае былы кандыдат у прэзыдэнты, лідэр грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь», палітык Андрэй Саньнікаў.

Глядзіце размову на відэа цалкам:

Пра падзеньне рэжыму Асада ў беларускім кантэксьце

— Я заўважыў у сырыйскай сытуацыі тое, што можа быць цікава і для беларусаў. Пачалі паўстаньне літаральна крымінальнікі, злачынцы, бо яны нават Масквой, не кажу ўжо пра ЗША, прызнаныя міжнароднымі тэрарыстамі. І гэтая групоўка пачала паўстаньне супраць дыктатара Асада і зрынула гэтага дыктатара. І яе падтрымаў народ. Што гэта значыць для нашай сытуацыі? Што тыя, хто ўдзельнічаў у брудных справах Лукашэнкі, таксама могуць заслужыць індульгенцыю ад народу, калі дапамогуць гэтага дыктатара прыбраць. Калі злачынцы пры ўладзе зараз уздымуць паўстаньне, я думаю, іх падтрымаюць. Там ёсьць дасьведчаныя людзі, якія ведаюць, што рабіць са зброяй, тыя, хто добра ведае і пляны Лукашэнкі, і рэзыдэнцыі Лукашэнкі. Яны могуць заслужыць прабачэньне беларускага народу за тую дзейнасьць, якую яны вялі, каб умацаваць рэжым. У іх ёсьць шанец.

Пра міратворчыя сілы

— Калі будзе нейкая небясьпека з боку, напрыклад, Расеі, трэба разважаць, што я зараз інтэнсіўна раблю, пра міратворчыя сілы. Сьвет зьмяніўся, а падыходы да канфліктных сытуацый не зьмяніліся. Заможныя краіны Захаду не імкнуцца рабіць прэвэнтыўныя захады. Прыклад той жа Сырыі. Колькі Барак Абама «чырвоных лініяў» намаляваў, ніхто нічога не рабіў. Гэта на яго сумленьні зараз, што больш за паўмільёна сырыйцаў загінулі ў той вайне, якая пачалася ў 2011 годзе… А намаляваў ён гэтыя лініі пасьля атакі з ужываньнем хімічнай зброі ў 2013 годзе. Калі б тады спынілі Асада, то не было б, магчыма, нават і расейскай агрэсіі супраць Украіны. Трэба заходняму сьвету, які будуецца на дэмакратычных прынцыпах, усё ж пачынаць адстойваць гэтыя прынцыпы ня толькі ў сваіх краінах, але і па-за іх межамі. Відавочна, што такія дыктатары, як Пуцін, як Асад (зараз так адбылося, што Пуцін ня мог і не хацеў нічога рабіць), вельмі добра падтрымліваюць адзін аднаго. Супраць гэтага павінны быць пэўныя меры. Таму я кажу пра міратворчыя сілы. Хто павінен прымаць рашэньне пра ўвод міратворчых сілаў? NATO, Эўразьвяз і потым ААН. ААН дыскрэдытавала сябе ў справах бясьпекі, паралізаваныя ўсе мэханізмы, якія раней дзейнічалі, пасьля таго як Расея скасавала ўсе дамовы ў галіне бясьпекі, у тым ліку ядзернай.

Пра сяброўства Беларусі ў NATO

— Няма іншага шляху, няма іншага спосабу забясьпечыць сваю незалежнасьць і бясьпеку, як у NATO. Пра ўсе гэтыя разважаньні, што мы можам быць нэўтральныя, забудзьце. Пасьля таго як пачалася вайна ва Ўкраіне, пра гэта трэба забыць. Нават Фінляндыя, якая сябравала з Расеяй, дамова была вялікая пра сяброўства, адразу пачала працэс сяброўства з NATO і ўступіла ў NATO. Швэцыя таксама. Калі пабачым досьвед такіх краінаў, то нэўтральнасьць, нават такая, якая забясьпечваецца быццам дамовай з патэнцыйным агрэсарам, яна вельмі дорага каштуе. Гэта проста немагчыма для нас будзе траціць такія сродкі на нешта, што можна забясьпечыць іншым шляхам, менавіта сяброўствам у NATO. Гэтыя разважаньні пра нэўтральнасьць, пра Балта-Чарнаморскі саюз, ужо ў мінулым. Як толькі адновім нашу незалежнасьць і самастойнасьць, мы адразу мусім працаваць з NATO, каб уступіць як мага хутчэй. У нас шанцы нашмат лепшыя, чым у той жа Ўкраіны, бо няма тых праблемаў, таго падзелу на «ўсход-захад», як ва Ўкраіне.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *