Г.Фядыніч: Калі цяжка – павінна быць усім цяжка

Уладам Беларусі не хапае прафесіяналізму і рашучасці для пераадолення крызісу, -- лічыць старшыня прафсаюзу працоўных радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.

Па яго словах, трэба рэзка скараціць колькасць чыноўнікаў, а іх заробкі жорстка прывязаць да сярэдняга заробку працоўных.

– Улады на першым этапе спалохаліся. Сёння ім не хапае прафесіяналізму, канкрэтных дзеянняў, якія б ацанілі людзі. Што я маю на ўвазе? Патрэбна скарачэнне чыноўнічага апарата мінімум на 30-40 працэнтаў. Трэба іх заробак жорстка увязаць да сярэдняга заробку працоўных. Калі цяжка, то павінна быць усім цяжка. А то падчас гэтага крызісу толькі на курсавой маржы чыноўнікі ў банках добра зарабляюць.

Такім чынам, па словах Генадзя Фядыніча, ва ўмовах крызісу чыноўнікі, кіраўнікі прадпрыемстваў адчуваюць сябе добра. А народ застаецца сам-насам з крызісам і сваімі праблемамі.