Аляксандар Атрошчанкаў выказаў падзяку свайму апекуну з Эўразьвязу

Аляксандар Атрошчанкаў, вязень калёніі «Віцьба-3», напісаў ліст дэпутату нямецкага парлямэнту Крыштафу Штрэсэру. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла жонка палітвязьня Дар’я Корсак.

У лісьце Аляксандар Атрошчанкаў распавёў, як яго спрабавалі зламаць у КДБ, уводзілі ў зман, спрабуючы паказаць, што блізкія, сябры ды суайчыньнікі адвярнуліся ад яго ці нават вінавацяць у нечым. Таксама вязень напісаў, што змаганьне за дэмакратыю, правы чалавека ды свабоду ў Беларусі знаходзіць водгук у сэрцах беларусаў ды грамадзян суседніх краінаў, і гэта дапамагае праходзіць праз псыхалягічныя ды фізычныя выпрабаваньні. Аляксандар Атрошчанкаў выказаў падзяку дэпутату Крыштафу Штрэсэру, які ім заапекаваўся, за падтрымку ў барацьбе за вольную эўрапейскую Беларусь.

Дар’я Корсак распавяла пра апошнія навіны ад мужа. «Аляксандар дачытвае зараз трэці том „Вайны і міру“, меў магчымасьць сустрэцца ды перакінуцца некалькімі словамі зь іншым палітвязьнем папраўчай калёніі № 3 — Дзьмітрыем Дароніным. У адным зь лістоў Аляксандар напісаў, што ў калёніі, дзе яго трымаюць, ёсьць псыхіятрычнае аддзяленьне, але сам палітвязень ня бачыўся зь людзьмі, якія там знаходзяцца».

Дар’я Корсак паведаміла, што з 23 па 26 ліпеня ў яе адбудзецца спатканьне з мужам.