АМАП разагнаў акцыю ў Менску. Збіты кандыдат у дэпутаты Анатоль Лябедзька

Акцыя з патрабаваннем вызваліць актывістаў апазіцыі, незаконна арыштаваных пасля выбуху ў Менску 4 ліпеня, была разагнаная на Кастрычніцкай плошчы Менска. Больш за 50 чалавек вышлі на плошчу з партрэтамі палітвязняў, а таксама разгарнулі нацыянальныя сцягі і сцягі Еўразвяза. Супраць ўдзельнікаў акцыі, сярод якіх былі палітыкі з адзінага спісу кандыдатаў у дэпутаты ад апазіцыйных партый, былі выстаўленыя больш за 100 супрацоўнікаў АМАПа.

Удзельнікаў акцыі выцеснілі з Кастрычніцкай плошчы на вуліцу Інтэрнацыянальную, а затым павялі па вуліцы Янкі Купалы на вуліцу Багдановіча. Група людзей, якая працягвала несці ў руках партрэты вязняў сумлення, а таксама сцягі Еўразвяза, рухалася ў шчыльным ачапленні з амапаўцаў.

На акцыі прысутнічалі шматлікія вядомыя палітыкі: намеснікі старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч і Вінцук Вячорка, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, былы дэпутат «палаты прадстаўнікоў» Сяргей Скрабец, лідэр «Маладога Фронту» Артур Фінькевіч, актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліна і Павел Кур’яновічы і іншыя. Дэманстранты скандавалі: «Жыве Беларусь!» і «Свабоду палітвязням!».

Выціскаючы людзей з плошчы, супрацоўнікі АМАПа жорстка збілі лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку. Палітык звярнуўся па дапамогу да медыкаў: у яго выяўленыя гематомы ў вобласці грудзі і жывата, а таксама на нагах.

Спробы выйсці з ачаплення перарываліся супрацоўнікамі АМАПа. Яны груба хапалі людзей і штурхалі іх назад ў міліцэйскае «кола». Адзін з амапаўцаў выбіў з рук журналіста прэс-цэнтра Хартыі’97 фотаапарат, калі той спрабаваў зняць тое, што адбываецца.

Разгон мірнай акцыі выклікаў пратэсты з боку мінакоў. Шмат хто адкрыта паказваў абурэнне «бязмежжам» супрацоўнікаў АМАПа, якія не дазволілі людзям выказаць свой пратэст.

Нагадаем, што пасля выбуху 4 ліпеня ў Менску былі затрыманыя 13 актывістаў апазіцыі. 10 з іх дагэтуль застаюцца ў турмах. Праваабаронцы называюць іх арышты незаконнымі і палітычна матываванымі.