Ключ ад прыватызацыі знаходзіцца ў руках апазіцыі

Пасля выбуху ў Менску рэжым, замест таго, каб займацца пошукамі злачынцаў, выкарыстаў гэтую трагедыю для арыштаў актывістаў дэмакратычнага руху Беларусі.

Сёння вядзецца беспрэцэдэнтная кампанія ціску на апазіцыю і грамадзянскую супольнасць. Улады намагаюцца дыскрэдытаваць лідэраў дэмсілаў, праваабаронцаў, журналістаў, рэгіянальных апазіцыйных актывістаў, арганізаваўшы прэсінг праз фінансавую міліцыю Камітэта дзяржаўнага кантролю.

У Дэпартамент фінансавых расследаванняў і падаткавыя інспекцыі выклікалі аднаго з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцера Бандарэнку, лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку, намесніка старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячорку, лідэра Партыі камуністаў Беларускай Сяргея Калякіна, праваабаронцаў Алеся Бяляцкага, Валянціна Сцефановіча, Уладзіміра Лабковіча, Веру Страмкоўскую, старшыню Беларускага Хельсінкскага камітэта Алега Гулака, сябраў БХК Таццяну Процьку, Гары Паганяйлу, Зміцера Маркушэўскага, журналістку Ірыну Халіп, а таксама кандыдатаў на ўдзел у восеньскіх «парламенцкіх выбарах» ад дэмпартый і кандыдатаў у сябры выбарчых камісій.

Ціску фінансавай міліцыі падвяргаюцца сотні дэмакратычных актывістаў па ўсёй краіне. Улады дзейнічаюць надта цынічна, спачатку пазбаўляючы людзей працы, а затым патрабуючы справаздачу аб фінансавым становішчы. За годы свайго кіравання Лукашэнка зачыніў дзясяткі газет, знішчыў сотні няўрадавых аргазнізацый, ліквідаваў большасць рэгіянальных аддзяленняў апазіцыйных партый. У краіне фактычна дзейнічае забарона на прафесію для людзей, якія прытрымліваюцца дэмакратычных і праеўрапейскіх поглядаў. За любую актыўнасць, якая не супадае з лукашэнкаўскай ідэалогіяй, людзей звальняюць з працы, знішчаюць іх бізнес, аказваюць ціск на працадаўцаў.

Тое, што адбываецца сёння ў Беларусі, можна назваць добра адрэпетаваным спектаклем, які ўлады разыгрываюць перад народам і міжнароднай супольнасцю. Як толькі Лукашэнка пачне казаць аб тым, што выбары будуць сумленнымі і дэмакратычнымі, тут жа ўзнікае новы віток рэпрэсій супраць апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Чым больш Лукашэнка раздае падобных «авансаў», тым больш жорсткімі становяцца дзеянні спецслужбаў, АМАПа, усёй адміністрацыйнай машыны. Да рэпрэсіўных мераў, якія ўжо прымяняюцца, – незаконным арышам, збіццю, катаванням, судам, штрафам, турэмным зняволенням, звальненням з працы і выключэнням з універсітэтаў, – дадаўся жорсткі фінансавы пераслед дэмакратаў і іх сем’яў. Гаворка ідзе аб фактычным знішчэнні апазіцыі і грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Усё гэта разыгрываецца для таго, каб адцягнуць увагу ад таемнай і незаконнай маштабнай прыватызацыі, што здзяйсняецца «сям’ёй» Лукашэнкі і ягонага асяроддзя. Менавіта таму Лукашэнку надта неабходная легітымацыя ягонага рэжыма праз маючыя адбыцца выбары. Дыктатар разумее, што ягоны рэжым не мае міжнароднай легітымнасці: ні яго самога, ні ягоны “парламент” нідзе ў дэмакратычным свеце не прызнаюць, а без такога прызнання немагчыма прыцягнуць інвестараў для выратавання рэжыма ад эканамічнага краху. Ён разлічвае правесці бескантрольную прыватызацыю пры дапамозе цынічных бізнесменаў з Захада і Ўсхода. Прычым, беларуская дзяржуласнасць распрадаецца «за бясцэнак», паколькі Лукашэнку грошы патрэбныя прама зараз для вяртання замежных пазыкаў і крэдытаў, якія ён набраў за апошні час у велізарных колькасцях.

Магчымы сцэнар прызнання дыктатуры нам вядомы: пара-тройка кандыдатаў ад апазіцыі ў “палатке” і “вывад ў цень” найбольш адыёзных постацяў з асяроддзя Лукашэнкі. Менавіта гэтыя ўмовы, па наяўнай інфармацыі, выкарыстаюць бізнес-групоўкі для лабіравання інтэрасаў Лукашэнкі ў Еўропе. Усё гэта робіцца для таго, каб прыкрыць бессаромнае рабаванне беларускага народа. Лукашэнка мэтанакіравана прыбірае апошнія асяродкі грамадзянскага кантролю: друкаваных выданняў у краіне практычна не існуе, улады імкнуцца цалкам знішчыць інтэрнэт-супольнасць Беларусі. Адсутнасць свабоды прэсы, жахлівыя абмежаванні на дзейнасць апазіцыйных партый, фактычная забарона на дзейнасць дэмакратычных няўрадавых арганізацый, адсутнасць незалежнай судовай сістэмы выкарыстоўваецца ўладамі для таемнай прыватызацыі, выратавання рэжыма і асабістага ўзбагачэння. Дастаткова успомніць пазабюджэтны фонд Лукашэнкі, паглядзець на асабнякі чыноўнікаў у Драздах, машыны экстра-класа, на якіх ездзяць яны і іх сем’і, каб зразумець, каму выгодная такая прыватызацыя.

Нават падобны распродаж беларускай дзяржуласнасці ўзбагаціць прадстаўнікоў улады і набліжаных да іх бізнесменаў на мільярды даляраў. Народ нічога ад гэтага не атрымае. Апазіцыя заўсёды катэгарычна выступала супраць такога ходу прыватызацыі. Без кантролю з боку грамадства ніякія махінацыі з дзяржуласнасцю не будуць мець юрыдычнай сілы. Новы ўрад дэмакратычнай Беларусі не прызнае вынік такой прыватызацыі.

У Лукашэнкі былі шанцы прыняць прапанову апазіцыі і пачаць паступовыя дэмакратычныя пераўтварэнні ў краіне. Ён імі не скарыстаўся і абвясціў вайну на знішчэнне апазіцыі, выкарыстаўшы для гэтага звыклыя метады.

Толькі ўзнаўленне дэмакратыі і законнасці ў краіне дазводіць прыцягнуць насамрэч сур’ёзных міжнародных інвестараў у нашую краіну, палепшыць жыццё мільёнаў беларусаў, зрабіць іх акцыянерамі вядучых прадпрыемстваў. Таму, ключ ад прыватызацыі знаходзіцца ў руках беларускай дэмакратычнай апазіцыі, якая адстойвае інтарэсы народа.