Працягваюцца рэпрэсіі супраць моладзі, якая заклікае да байкоту “выбараў”

У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі супраць актывістаў, якія заклікаюць да байкоту выбараў у Палату прадстаўнікоў.

На 15 сутак адміністрацыйнага арышту асуджаны актывіст “Маладога фронту” Вадзім Ханяўка. Яго затрымалі 6 верасня супрацоўнікі міліцыі. Ханяўка паспеў адправіць сябрам SMS-паведамленне, што яго вязуць ва Ўпраўленне ўнутраных спраў Цэнтральнага раёна Мінску. На працягу 13 гадзінаў пра лёс актывіста нічога не было вядома, бо і міліцыя, і КДБ, і суд адказвалі, што не маюць звестак пра яго месцазнаходжанне.

Уначы высветлілася, што Вадзіма Ханяўку асудзілі за “распіццё спіртных напояў у грамадскім месцы” і ён знаходзіцца ў турме на Акрэсціна. Сябры актывіста сцвярджаюць, што ён – глыбока веруючы чалавек, алкаголю не ўжывае.