Як фальсіфікавалі выбары ў 2003 годзе (Успаміны)

Пасля "элегантнай перамогі" 2001 года лукашэнкаўская вертыкаль усвядоміла сваю значнасць і беспакаранасць. Мяркую, што ўжо да гэтага часу ў краіне была створаная надзейная сістэма атрымання патрэбнага выніку на выбарах. Аднак, сістэма была не вельмі надзейная, дзе нідзе яна яшчэ давала збоі. Такі збой адбыўся ў 2003 годзе ў Бабруйску на выбарах у мясцовыя Саветы па выбарчай акрузе № 35, дзе я перамог у першым туры галоўнага тэхнолага "Белшыны". Аднак гэты пост не аб мне, а аб тым як фальсіфікавалі выбары ў 2003 годзе!

Тады дэмакратаў яшчэ пускалі ў другі тур, а чыноўнікі спрабавалі ўсміхацца, хоць іх усмешка ўсё больш нагадвала воўчы аскал.

У сакавіку 2003 года ў другі тур выбараў у мясцовыя Саветы ў Бабруйску выйшаў Міхаіл Кавалькоў, лідэр Свабоднага прафсаюза завода ТДіА. У яго выбарчую акругу ўваходзілі Інтэрнаты, дзе жыў сам Міхаіл і працоўныя яго завода. За некалькі дзён да выбараў я разам з іншымі дэмакратычнымі актывістамі распаўсюдзілі друкаваную прадукцыю Кавалькова, не проста па паштовых скрынях, а з абавязковым заходам у кватэру. Перамогу Кавалькова не ставілі пад сумнеў нават мясцовыя чыноўнікі.

Увечары, Михаіл запрасіў мяне разам жонкай адзначыць яго перамогу і абмеркаваць нашы сумесныя дзеянні ў гарадскім Савеце. Але замест радасці перамогі слёзы жонкі Міхаіла, яна была назіральнікам на ўчастку для галасавання і на свае вочы пабачыла выбары па лукашэнкаўскі

Участковая камісія пад кіраўніцтвам спадарыні Гранёнавай дзейнічала ў лепшых традыцыях напёрстачнікаў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Памятаеце гэтых хлопцаў у спартовых гарнітурах, якія галасілі на рынках : ” Я приехал из Америки на зелёном велике, кручу верчу наё…ць хочу»! З 8.00 да 20.00 Гранёнава спявала оды незалежнаму кандыдату Кавалькову, маўляла, як добра, што такі чалавек будзе вырашаць гарадскія праблемы. Заводзіла салаўіныя трэлі на тэму аб адсутнасці ціску і аб’ектыўнасці….

Некалькі разоў на працягу дня галасавання прыязджаў сам намеснік главы адміністрацыі Ленінскага раёна спадар Алейнік Ўл. Ф. Каларытны персанаж, з аднаго боку лідэр Камуністаў “правільных” па Магілёўскай вобласці, а з іншага боку запявала казачага хору і прыхільнік белых генералаў. (Вось на фота Ўл Алейнік)

І вось падлік галасоў! У адну стопачку бюлетэні за Кавалькова, у іншую за яго канкурэнтку начальніцу сабеса Ленінскага раёна Грынявецкую. Натуральна стопачка за Кавалькова ў раз пяць больш. Але гэта быў ужо 2003 год! І лёгкім рухам рукі спадарыні Гранёнавай, бюлетэні з стопачкі Кавалькова трапляюць у стопачку Грынявецкай, а на стол кладзецца пратакол, падпісаны чальцамі выбарчай камісіі! Бюлетэні заварочваюць у паперу і запячатваюць сургучом, копія пратаколу вывешваецца на дзвярах!

Цынічна! Подла! Але вельмі надзейна!

Усё гэта бачыў кіроўца ў абавязкі якога ўваходзіла давесці старшыню ўчастковай камісіі разам з бюлетэнямі і пратаколам да акруговай камісіі! У бачыўшага ў жыцці шматлікае мужыка адбыўся шок! Адзінае, што ён сказаў: «Ну вы и су…, я вас никуда не повезу. Западло таких возить!».

Натуральна, на гэта нахабства трэба было неяк рэагаваць. Мы садзімся ў тралейбус, едзем да выбарчай камісіі, але яна зачынена! Шматгадовы сакратар гарадской выбарчай камісіі дзядуся Падольскі здае ключы ахоўніку, маўляў “Маўр зрабіў сваю справу. Маўр можа адпачываць” (да наступных выбараў) і адпраўляе нас у адміністрацыю Ленінскага раёна!

У будынку адміністрацыі праца была ў самім разгары. Працэсам кіраваў асабіста глава адміністрацыі Навумчык у яго памагатых бегалі згаданы вышэй Алейнік і тады яшчэ ідэолаг па Ленінскім раёне Маркачоў

Будынак быў нашпігаваны мянтамі – відаць рыхтаваліся да пазаштатнай сітуацыі.

Уціхамірваць наша абурэнні чыноўнікі пачалі па добраму: «Ай, яй, яй. Ребята проиграли, а мы так надеялись, что вы победите! Но ничего в следующий раз обязательно госпожа удача улыбнётся вам!»

Калі Алейнік працягнуў мне руку для прывітання, то я папулярна растлумачыў, што ціснуць яго руку не буду, бо ў мяне ёсць усе падставы лічыць яго вінаватым у фальсіфікацыях выбараў і мэта маёй прысутнасці ў гэтым будынку, паставіць свой подпіс на пачках з запячатанымі бюлетэнямі.

Алейнік змяніўся ў твары, звярнуўся да мянтоў, і паказваючы на мяне працадзіў “ВЗЯТЬ”! Трэба адзначыць, што ў тыя часы мянты яшчэ былі не вельмі злыя, ды і круціць рукі дэпутату гарадскога Савета, для іх было неяк не звыкла.

Мы жадалі толькі аднаго распісацца на пачках з бюлетэнямі, каб гэтыя пачкі не падмянілі, Тады яшчэ мы наіўна спадзяваліся, што пракурор або суд могуць прыняць рашэнне аб пералічэнні бюлетэняў, але..

Кавалькоў на наступны дзень пайшоў па інстанцыях, яго асабіста прыняў, тады яшчэ пракурор Ленінскага раена Гаўрыкаў, супакоіў, забалбатаў. Праз некалькі дзён усё сціхла! Грынявецкая заняла месцы ў гарадскім Савеце.