Справа палітвязьня Аляксандра Баразенкі ўжо ў судзе

Крымінальную справу супраць актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандра Баразенкі, апошняга фігуранта ў «справе 14-ці», перадалі ў Цэнтральны суду Менску. Палітвязень ад 27 кастрычніка знаходзіцца ў менскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Судзіць Аляксандра Баразенку будзе судзьдзя Валеры Есьман.

Аляксандр Баразенка быў арыштаваны 27 кастрычніка наўпрост ў будынку Следчага камітэта папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкама, куды ён прыйшоў на допыт. Апазіцыянер з’яўляецца адным з абвінавачаных па «справе 14-ці» – крымінальнай справе, узбуджанай па арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь у дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў 10 актывістаў апазіцыі — Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышов, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павал Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбыцця тэрміна ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да паўтарох гадоў абмежавання волі.

Аляксандр Баразенка падчас сьледзтва знаходзіўся ў Польшчы. Ён — студэнт Уроцлаўскага ўнівэрсытэту. Пасьля таго, як Аляксандра адлічылі з першага курсу БДУ за ўдзел у студэнцкай акцыі супраць скасаваньня льготаў, ён паехаў вучыцца па праграме Кастуся Каліноўскага.

Паказальна, што арышт моладзевага актывіста адбыўся фактычна адразу пасля адмены Еўразвязам санкцыяў у дачыненні да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.