Адказ моладзі на рэпрэсіі: нацыянальны сцяг над Ленінскім судом
У судзе Ленінскага раёна Менска сёння прайшлі працэсы над удзельнікамі акцыі пратэсту 7 лістапада. У дзень, калі беларускія ўлады на дзяржаўным узроўні святкавалі ўгодкі «вялікага Кастрычніка», актывісты арганізацыі «Малады Фронт» вышлі да будынка Камітэта дзяржбяспекі з транспарантам «Камунізм пад трыбунал».
Маладых апазіцыянераў арыштавалі праз 15 хвілінаў пасля пачатку акцыі і адвезлі ва УУС Ленінскага раёна Менску, а затым у турму на Акрэсціна. Такім чынам, актывісты правялі за кратамі усе тры выходных дня.
Сёння ўсіх затрыманых маладафронтаўцав прысудзілі да трох суткаў арышту. Суддзя Ігар Германовіч асудзіў актывістаў «Маладога Фронту» Аляксея Янушэўскага і Анастасію Лойку, суддзя Міхаіл Хома — Анастасію Палажанку і Таццяну Шапуцьку, суддзя Валянцін Зянкевіч прысудзіў Антона Русіна. Маладых людзей прызналі вінаватымі ў парушэнні адміністрацыйнага артыкула – «арганізацыя ці ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве».
Усе актывісты вышлі на волю – трое суткаў арышту яны адбылі да суду.
«Затрымлівалі нас супрацоўнікі АМАПа. Яны не назваліся, не сказалі, па якім артыкуле затрымлівалі. На Акрэсціна было вельмі халодна, асабліва па начах. Турэмная ежа агідная, есці яе нельга, але, безумоўна, нам за ўсё гэтыя «выгоды» яшчэ і выставілі рахунак на аплату», — распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 аб умовах знаходжання ў турме на Акрэсціна Аляксей Янушэўскі.
Актывісты «Маладога Фронту» не здзіўленыя, што былі кінутыя за краты за мірную акцыю насупраць будынку КДБ.
«Сам факт арышту мяне цалкам не здзівіў. Ва ўмовах дыктатуры, калі ўлады падтрымліваюць і прапагандуюць камуністычныя каштоўнасці, іншага чакаць не прыходзіцца. Ведаю, што 7 лістапада па Менску свабодна хадзілі з камуністычнымі сцягамі, з партрэтамі Леніна і Сталіна. І ніхто нікога не арыштоўваў! Атрымліваецца, за нацыянальны сцяг – арыштоўваюць, за расцяжку «Камунізм пад трыбунал» арыштоўваюць, а вось партрэты крывавых камуністычных правадыроў – насі свабодна, ніхто не забараняе», — заявіў Аляксей Янушэўскі.
Цікава, што пасля завяршэння палітычных працэсаў актывістка «Маладога Фронту» Юлія Міхайлава вывесіла з вакна будынка суда вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Дзяўчыну адразу ж схапілі амапаўцы. З аддзялення міліцыі яе вызвалілі толькі праз паўтары гадзіны. Але нацыянальны сцяг над будынкам менскага суду ўсё-такі з’явіўся.