Камісар Еўразвяза: «Важна, каб Беларусь заставалася краінай без палітычных зняволеных»

Камісар Еўразвяза па пытаннях знешніх адносін і еўрапейскай палітыкі добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднер заклікала ўлады Беларусі вызваліць палітычных зняволеных.

Беніта Ферэра-Вальднер заявіла: важна, каб Беларусь «заставалася краінай без палітычных зняволеных і паважала свабоду выказвання, аб’яднанняў і сходаў».

Пры гэтым Ферэра-Вальднер дадала, што «звяртае адмысловую ўвагу на справу Аляксандра Баразенкі, які павінен неўзабаве паўстаць перад судом і за якім мы будзем уважліва назіраць».

Еўракамісар таксама сказала, што «вітае рашэнне беларускіх улад аб прыняцці пэўных мер па дазволе друку і распаўсюджванні дзвюх незалежных газет «Народная Воля» і «Наша Ніва».

Ферэра-Вальднер таксама вітае «гатовасць Беларусі дэталёва абмяркоўваць рэкамендацыі АБСЕ і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека адносна ўдасканалення выбарчага заканадаўства краіны».

Па меркаванні еўракамісара, «гэта важныя і абнадзейлівыя крокі з боку Беларусі, і я чакаю з нецярпеннем іх хуткага ўвасаблення, а таксама дадатковых крокаў у адпаведнасці з чаканнямі ЕЗ, абвешчаных Беларуссю».

Са свайго боку Еўракамісія, па словах Б.Ферэра-Вальднер, узмацняе тэхнічны дыялог з Беларуссю ў сферах узаемнай цікавасці.

«Я чакаю пэўных вынікаў, якія спрыялі б развіццю эканомікі Беларусі. Я таксама нагадваю аб абавязанні ЕЗ, дадзеным 13 кастрычніка, аднавіць адносіны з Беларуссю і працягнуць перагляд сваіх санкцый адносна асобных асоб Беларусі ў святле наступнага развіцця дэмакратыі, павагі правоў чалавека і вяршэнства права», – дадала еўракамісар.

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў арыштаваны 27 кастрычніка прама ў будынку Следчага камітэта папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкама, куды ён прыйшоў на допыт. Апазіцыянер з’яўляецца адным з абвінавачваных па «справе 14-ці» – крымінальнай справе, узбуджанай па арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь у адносінах ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года. Характэрна, што арышт адбыўся фактычна адразу пасля адмены Еўразвязам санкцый у адносінах высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.