У Менску збівалі ўдзельнікаў акцыі салідарнасці з палітвязнем Аляксандрам Баразенкам

13 апазіцыянераў былі затрыманыя 24 лістапада ля следчага ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Да будынка менскага СІЗА з партрэтамі палітвязня Аляксандра Баразенкі прыйшлі актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», «Маладога Фронту» і ініцыятывы «Маладая Беларусь», каб запатрабаваць вызваліць вязня сумлення.

Апазіцыянераў затрымоўвалі з ужываннем сілы супрацоўнікі міліцыі ў форме і ў цывільным.

«Вельмі жорстка валаклі па зямлі, калі затрымоўвалі. Калі мяне кінулі ў машыну, звонку апынулася мая нага – дык вось яны зачынялі дзверы, заціскаючы нагу. Боль быў дзікі», — распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі.

Затрыманых апазіцыянераў, сярод якіх былі Павел Юхневіч, Максім Вінярскі, Паліна Кур’яновіч, Марта Маісеенка, Алег Ладуцька, Аляксей Янушэўскі, Артур Фінькевіч, Уладзімір Сяргееў, Юрый Пешкоў і іншыя, адвезлі ў Маскоўскі РУУС Менска.

У аддзяленні міліцыі затрыманых падвергнулі дактыласкапіі (тых, хто не праходзіў праз гэтую працэдуру пасля арыштаў ля СІЗА у апошнія дні) і вызвалілі без складання пратаколаў.

Нагадаем, што акцыі ў падтрымку палітвязня Баразенкі праходзяць каля менскага СІЗА штодня. За апошнія чатыры дні гэтыя акцыі разганяліся тройчы, актывістаў затрымоўвалі.

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў арыштаваны 27 кастрычніка прама ў будынку Следчага камітэта папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкама, куды ён прыйшоў на допыт. Апазіцыянер з’яўляецца адным з абвінавачваных па «справе 14-ці» – крымінальнай справе, узбуджанай па арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь у адносінах ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года. Характэрна, што арышт адбыўся фактычна адразу пасля адмены Еўразвязам санкцый у адносінах высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.