Справу Аляксандра Баразенкі пачнуць разглядаць 8 сьнежня

Замест прызначанага раней судзьдзі Цэнтральнага суду Валерыя Есьмана судзіць Аляксандра будзе Натальля Вайцяховіч. Аляксандар Баразенка — апошні фігурант у “справе 14-ці”. Ад 27 кастрычніка хлопца трымаюць у сьледчым ізалятары. Яго абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, якія нібыта мелі месца падчас студзеньскіх акцый прадпрымальнікаў.

Невядомая прычына зьмены судзьдзі ў працэсе над Аляксандрам Баразенкам. Прозьвішчы судзьдзі Валерыя Есьмана, які разглядаў справы трох фігурантаў са “справы 14-ці”, судзьдзі Алены Ільіной, якая пакарала дзесяць чалавек, і Тацяны Паўлючук, якая звычайна судзіла ўдзельнікаў вулічных акцый, называў Аляксандар Лукашэнка, абвінаваціўшы іх у спрыяньні карупцыі.

У судзе Цэнтральнага раёну не камэнтуюць замену судзьдзі. Назіральнікі лічаць, што названыя судзьдзі, хутчэй за ўсё, дапрацуюць да канца месяца, каб падрыхтаваць свае справы для перадачы іншым судзьдзям.

Саша праз тату перадаваў, каб я не прыяжджала на
суд
Маці Аляксандра Баразенкі вырашыла прыехаць на суд зь Пінску.

“Саша праз тату перадаваў, каб я не прыяжджала на суд, бо яму будзе вельмі цяжка глядзець, як мама плача. Але я вырашыла прыехаць і падтрымаць сына ў цяжкую хвіліну.

З маіх знаёмых мала хто ведае, але хто ведае, кажа толькі адно слова: “Трымайцеся”. Адна справа сталіца, а іншая справа на пэрыфэрыі. Шмат хто лічыць, што ўсё, што робіцца, гэта бессэнсоўна. Але ёсьць маральная падтрымка”.

Міхаіл Субач адбывае пакараньне абмежаваньнем волі паводле прысуду судзьдзі Алены Ільіной. Ён паведаміў “Свабодзе”:

“Я чакаю, што будзе той самы прысуд, што быў у нас, нягледзячы на тое, што Есьмана павінны звольніць. У гэтым кантэксьце маглі б перагледзець справу, але… Мы прайшлі праз касацыю, і нам пацьвердзілі прысуд.

Таму я й не чакаю, што да яго будзе нешта іншае ўжыта. Яго б тады не пасадзілі ў СІЗА”.

Адвакат Аляксандра Павал Сапелка не дамогся, каб ягонаму падабароннаму зьмянілі меру стрыманьня:

СІЗА — гэта нішто іншае, як турма
“СІЗА — гэта нішто іншае, як турма. Такім чынам, Аляксандар знаходзіцца ў турме ўжо амаль месяц. Таму ён і галадоўку трымаў. Я лічу, што слуханьне маглі б прызначыць і раней, ці зьмяніць яму меру стрыманьня, каб ён ня быў такі доўгі час у турме ў чаканьні судовага паседжаньня”.

Штодня а 7 вечара каля будынку сьледчага ізалятара адбываюцца акцыі салідарнасьці з Аляксандрам Баразенкам. Супрацоўнікі міліцыі затрымліваюць удзельнікаў такіх акцыяў літаральна ў першыя хвіліны.

Сярод затрыманых была актывістка кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Паліна Дзьякава.

“Кожны дзень мы прыходзім туды з партрэтамі, стаім ці ходзім, каб выказаць сваю салідарнасьць. У апошнія дні нас пачалі разганяць літаральна ў першыя ж хвіліны. Міліцыянты размаўляюць з намі груба, забіраюць гвалтоўна. Усіх адвозяць у Маскоўскі РУУС. Бяруць там адбіткі пальцаў, перапісваюць пашпартныя зьвесткі. На суткі ня садзяць, але ўсё роўна непрыемна”.

Сёньня а 19 гадзіне моладзевыя актывісты зноў зьбяруцца каля СІЗА з партрэтамі Аляксандра Баразенкі. Яны запэўнілі, што акцыі будуць доўжыцца, пакуль на волю ня выйдзе апошні палітвязень.