“Малады фронт” патрабуе тлумачэнняў ад Вайса

20 кастрычніка на сайце “Нямецкай хвалі” зьявілася інтэрвію магілёўскага журналіста Аляксандра Буракова з амбасадарам Нямеччыны ў Беларусі Гебхардтам Вайсам.

Адказваючы на пытаньне аб пазыцыі ЭЗ у пытаньні палітвязьняў, спадар Вайс дазволіў сабе выказаць наступнае: “Трэба сказаць, што на дадзеным этапе па прызнаных міжнародных стандартах палітычных вязьняў у краіне, як гэта было да жніўня 2008 году, няма. Зараз ёсьць праблемы зь людзьмі, які займаліся бізнэсам і за выяўленьне сваіх перакананьняў атрымалі суровыя пакараньні, у пэўным сэнсе, незвычайныя для эўрапейскай прасторы. І Amnesty International тут ужо кажа пра вязьняў сумленьня”.

Зазначым, што ў дакумэнтах “Міжнароднай Амністыі”, на якую спасылаецца спадар Вайс, дадзена азначэньне “палітычнаму вязьню”:

“Палітычным вязьнем называецца любы вязень, у справе якога прысутнічае важкі палітычны элемент. Такімі могуць быць: матывацыя дзеяньняў вязьня, самі дзеяньні ці прычыны, што пабудзілі ўлады адправіць яго за краты. Калі гавораць “палітычны вязень”, маюцца на ўвазе як вязьні сумленьня, так і асобы, што прыбеглі да крымінальна-каральнага гвалту, ці абвінавачаныя ў зьдзяйсьненьні іншых відаў злачынстваў”.

Нагадаем, у траўні 2009 году “Міжнародная амністыя” прызнала вязьнямі сумленьня 11 маладых людзей – фігурантаў знакамітай “справы 14-цьці”, сярод якіх і Арцём Дубскі. Такім чынам, у адпаведнасьці з міжнародным стандартамі, у Беларусі як мінімум 11 ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ, частка з каторых знаходзіцца за мяжою, ня маючы магчымасьці павернуцца ў краіну без верагоднасьці арышту й зьняволеньня ПА ПАЛІТЫЧНЫХ МАТЫВАХ.

У сувязі з гэтым “Малады Фронт” просіць спадара Вайса публічна:

1) Растлумачыць выказваньне пра адсутнасьць палітвязьняў у Беларусі й прывесьці міжнародныя дакумэнты, на якія спадар Вайс абапіраўся, робячы такую выснову.

2) Растлумачыць выраз: “Што ж тычыцца Арцёма Дубскага, то тут я яшчэ ня змог прыйсьці да заключнай высновы. Трэба ўсёткі ўлічваць, што ён у вызначаны момант не выконваў правілы рэжыму адбыцьця пакараньня. І таму лепш думаць пра рух наперад”.

Ці значыць гэта адкрытае прызнаньне амбасадарам Нямеччыны таго, што ў “дыялёгу” ЭЗ і уладаў Беларусі пытаньне палітвязьняў – другаснае й не патрабуе тэрміновага вырашэньня?