Моладзь заўсёды бачыла ВКЛ у еўрапейскім кантэксце

Мастацкая выстава «Міленіум», прысвечаная 1000-годдзю Літвы, праходзіць ў менскім Палацы мастацтва з 22 кастрычніка. У экспазіцыі дэманструецца каля тысячы твораў больш чым 300 аўтараў. На пытанні europeanbelarus.org адказаў адзін з арганізатараў выставы адзін з кіраўнікоў творчай суполкі "Пагоня" Мікола Купава.

Якія вашыя уражанні пасля адкрыцця выставы, прысвечанай 1000-годдзю Літвы?

Уражанні ад выставы самыя пазітыўныя. Канешне, былі невялікія накладкі, але усе чаканні спраўдзіліся. Мастакі папрацавалі вельмі добра. Выстаўленыя каля тысячы твораў, прысвечаных гэтай гадавіне. Выстава «Міленіум» стала самай буйной выставай на гэтую тэматыку. І вельмі прыемна бачыць высокую цікавасць публікі да выставы.

Шмат хто звяртае ўвагу на тое, што у рамках выставы адбываецца таксама выстава дзіцячага малюнка…

І правільна робяць, што звяртаюць. Канешне, дзіцячы малюнак мае свае асаблівасці, але многія экспанаты гэтай выставы з’явіліся сто год таму, калі яшчэ не нарадзіліся нашыя народныя мастакі. Тут ёсць малюнкі ваяроў, бітваў, ёсць, партрэты, аўтапарэты, мапы, праводзіцца конкурс сярод сёнешніх маладых майстроў. Гэтыя творы вельмі яскрава ваказваюць дух, характар, вобраз. Можна бачыць, што пытанні Вялікага Княства Літоўскага ў Еўрапейскім кантэксце актуальныя і для сёнешняй моладзі і для моладзі сто гадоў таму.

Першае ўзгадванне Літвы ў летапісах звязанае з асобай Святога Бруна…

Так, і яно тычыцца менавіта тэрыторыі сучаснай Беларусі. У летапісу ўзгадваецца мяжа паміж Літвой і Руссю. Я думаю, што маецца на ўвазе тэрыторыя сёнешняй Беларусі. Калі б мелася на ўвазе тэрыторыя сучаснай Літвы, то было б напісана пра Жмудзь. Менавіта так у тыя часы называлі сучасную Літву.

Вы збіраліся праехаць па мясцінах, якія звязаныя з этнонімам “Літва”. Распавядзіце крыху аб гэтых планах

Так збаіраюся, і ўжо пачаў гэтыя вандроўкі. Мінулым летам я ўжо наведаў шмат такіх месцаў на Маладзеччыне, Вуздзеньшчыне і ў іншых рэгіёнах. Трэба сказаць, што толькі ў Цэнтральнай Беларусі я налічыў больш за 20 назваў кшталту Літва ці Ліцьвіны. Ва ўсёй жа Беларусі такіх месцаў процьма. Тое, што такія назвы тыповыя для нашай краіны, кажа аб тым, што спрадвек нашая зямля называлася Літвой, і тут жылі людзі, якія усведамлялі сябе ліцьвінамі.

Алесь Марачкін (злева) і Мікола Купава на адкрыцці выставы «Міленіум»