Маладзёжныя актывісты патрабуюць пакараць міліцыю

Маладзёжныя актывісты падалі скаргу на супрацьзаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі 16 кастрычніка падчас разгону акцыі салідарнсці на Кастрычніцкай плошчы. Скарга накіраваная ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Мінска.

Актывісты “Еўрапейскай Беларусі” Алег Ладуцька, Павел Юхневіч, Паліна Дзякава, Юрый Плешкаў і лідэр “Моладзі БНФ” Андрэй Крэчка звяртаюць увагу на тое, што яны разам з іншымі людзьмі стаялі на Кастрычніцкай плошчы з партрэтамі палітвязняў. Такія дзеянні не з’яўляюцца пікетаваннем і за іх не прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасць. Пры гэтым, мерапрыемства было гвалтоўна спыненае супрацоўнікамі міліцыі, а каля трыццаці яго ўдзельнікаў затрыманыя і збітыя.

Дэмакратычныя актывісты таксама адзначылі ў сваіх скаргах, што супрацоўнікі міліцыі не прадстаўляліся, а некаторых затрыманых безпадстаўна збівалі і абражалі.

У сувязі з гэтым, паводле артыкулу 34 Закона “Аб органах унутраных справаў”, маладыя людзі просяць правесці праверку фактаў, выкладзеных у скарзе, а таксама прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў міліцыі, якія перавысілі свае паўнамоцтвы.

“У сваёй скарзе мы паставілі вельмі канкрэтныя пытнні: ці абавязаныя затрыманыя стаяць некалькі гадзінаў тварам да сцяны амаль без руху, ці маюць права супрацоўніки міліцыі абражаць затрыманых і збіваць іх, ці не з’яўляецца ўсё гэта, на погляд пракуратуры, катаваннем. Мы зазначылі, што ўсё, што адбывалася ў РУУС у той час, зафіксаванае на камеру назірання, якая ўсталяваная ў калідоры. Калі, пракуратура дасць стандартны адказ аб тым, што ў дзеяннях спрацоўнікаў міліцыі няма парушэнняў закону, гэта будзе азначаць, што ў Беларусі катаванні санкцыянаваныя дзяржавай,” — распавеў europeanbelarus.org актывіст грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Павал Юхневіч.