Станіслаў Шушкевіч: “Ніхто з нас не верыў, што гэта адбудзецца так хутка”
Былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч распавёў Europeanbelarus.org, што ён адчуваў у дзень падзення Берлінскай сцяны.
“Тады я быў Народным Дэпутатам Межрэгіянальнай дэпутатскай групы ў Вярхоўным Савеце СССР. Канешне, мы ўсе сачылі за тымі падзеямі, і былі вельмі задаволеныя, што ў немцаў атрымалася… Шчыра, кажучы, ніхто з нас не верыў, што гэта адбудзецца так хутка. Таму з усіх эмоцыяў я добра памятаю толькі здзіўленне. Справа ў тым, што мне даводзілася раней бываць ў Германіі па прафесарскіх справах, быў я і ў Берліне, і бачыў, які гэта магутны мур. Я тады быў савецкім чалавекам, і думаў, што камуністычная сістэма будзе бараніць гэты падзел Германіі да апошняга.
Справа ў тым, што і ва Усходняй частцы Германіі і ў Заходняй людзі размаўлялі на адной мове, слухалі радыё і глядзелі тэлебачанне. На Усходзе ведалі, як людзі жывуць на Захадзе.Па дарогах ГДР ездзілі BMW, якія нельга было параўнаць з прадукцыяй Усходнегерманскай прамысловасці. Да таго, ж людзі былі ўзрушаныя тым, што адбываецца ў іншых краінах Усходняй Еўропы і, у першую чаргу, у Польшчы. Таму ў падзенні Берлінскай сцяны таксама ёсць вялікі ўклад Леха Валенсы і “Салідарнасці”, якія зварушылі працоўных і інтэлігенцыю ў Польшчы,” — распавёў Станіслаў Шушкевіч.