Шушкевіч: дыялогу няма!

Вядомы палітык, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч адказвае на пытанні аб беларускім палітычным жыцці і стане самой беларускай апазіцыі.

Шушкевіч: – У нас нармальная апазіцыя ў беларускім сэнсе, а ў сусветным, еўрапейскім сэнсе ў нас наогул няма апазіцыі. Бо апазіцыйна арыентаваныя дэпутаты былі выгнаныя з парламенту ў 1996 годзе і апазіцыі ў заходнім сэнсе слова ў нас няма, у нас ёсць людзі якія супрацьстаяць уладзе і не згодныя з той палітыкай якую праводзіць наша ўлада. Даволі такі мне здаецца гэта аднародная структура, але яна падзялілася зараз на дзве часткі. Адны якім падабаецца быць у апазіцыі і яны гатовыя там быць усё жыццё, бо фактычна нічога іншага яны рабіць не могуць, а другія якія хочуць змяніць сітуацыю. Адныя адным словам працуюць на працэс, а другія на перамогу. Я паважаю апошніх і мае дачыненне менавіта да іх.

Радыё Рацыя: – Ці бачыце Вы нейкага лідара сярод апазіцыйных сілаў Беларусі?

Шушкевіч: – У нас ёсць тыя людзі, якія знайшлі сродкі падтрымкі ў Еўропе і таму яны займаюць больш важкае становішча. З-за гэтага яны больш вядомыя ў Еўропе чым у нас у Беларусі. Яны скарысталіся тым, што ў свой час апазіцыя дэмакратычным чынам вылучыла іх. Вось працягваюць тую працу забыўшыся пра тую апазіцыю якая іх парадзіла. Ведаеце, трэба памятаць аб тых узаемадзеяннях, якія былі пароджаныя. Больш гарачага прыхільніка Мілінкевіча чым я не было. Я цешыўся, калі ён быў абраны, я лічыў што гэты чалавек будзе працаваць толькі на Беларусь. Цяпер мне здаецца, што яго згодніцкая пазіцыя з уладай – яна мяжуе з амаральнасцю. Ведаеце, нельга гаварыць пра тое, што ты будзеш ладзіць з уладай якая паступае амаральна і нельга арыентаваць Еўропу паступаць такім чынам. Мне здаецца, што нашы святы абавязак тлумачыць і Еўропе і нашым людзям, што і як адбываецца. Вось я гэтага апошнім часам не бачу. Чаму Мілінкевіч кажа пра дыялог? З кім дыялог? Дыялогу няма, няма нават пачатку дыялога. У нас адбыліся вельмі-вельмі малыя зрухі ў накірунку да павагі правоў чалавека. У нас дзве газеты атрымалі права быць прадаваемымі ў шапіках, але я б хацеў, калі ўжо такі разумны Мілінкевіч і ён памятае арыфметыку, ён мае фізічную адукацыю як і я. Проста падзяліць той тыраж, калі гэтых газет усіх разам выходзіць найбольш 100 тысяч у тыдзень і падзяліць гэта на 2,5 млн. тых газет (маюцца на увазе дзяржаўныя) адна “Савецкая Беларусь” і захапляцца тым, а не патрабаваць, каб і іншыя выданні мелі такое права, то рабіць такое могуць толькі тыя людзі, якія забыліся чым яны займаюцца.

Радыё Рацыя: – Як Вы ацанілі б палітыку Еўрапейскага Саюзу і палітыку ЗША у дачыненні да Беларусі?

Шушкевіч: – Мне здаецца, што ЗША здаюцца нам часамі занадта прамалобымі, але яны ніколі не адступалі ад дэмакратычных прынцыпаў. Яны патрабуюць правоў чалавека, дэмакратыі, свабоды слова. Еўропа праводзіць зараз так званы рэальпалітык, што гэта значыць – я таксама паважаю рэальную палітыку, але калі гэтая палітыка фактычна з’яўляецца палітыкай здрады, палітыкай непавагі да тых палітычных сілаў якія супрацьстаяць. Як я магу паважаць рэальпалітык, калі ўсе звенні маёй улады ад прэзідэнта да раённага суддзі пацвердзілі, што пенсія якую мне прызначыў прэзідэнт насуперак законам, ён захаваў яе на тым узроўні якая яна была ў 1997 годзе, а гэта значыць, што яна зараз абязцэнілася ў 400 разоў. Усе галіны ўлады лічаць, што гэта правільная пенсія. Што гэта за амаральная ўлада дзе не працуе закон, а працуе толькі тэлефоннае права і я не прыніжуся да таго, каб угаворваць Лукашэнку прымініць закон. Я працую па законе, а закон не працуе. І з гэтай уладай яны хочуць весці дыялог, дык добра, хай будзе дыялог, але ж яго няма. Ніякага дыялогу няма, ніякага кроку няма. Ну а нашыя апазіцыянеры якія былі нашым гонарам, я паўтараю гонарам, бо я ганарыўся, што ў нас ёсць такі чалавек як Мілінкевіч і раптам пачалося супрацоўніцтва з уладай. Ведаеце, гэта ўсё пачалося з Прагі, калі мы проста падпісалі заяву-пратэст. Мы выказалі свой пратэст супраць таго, каб туды прыязджаў Лукашэнка, заяву падпісалі: Івонка Сурвіла, Аляксандр Казулін, Зянон Пазняк, прабачце, падпісаў і я. Раптам Мілінкевіч кажа, што не я не падпішу, бо тут не вельмі паважліва мы ставімся да Расіі. А як я павінен ставіцца да Расіі, калі яна падтрымлівае дыктатара? Калі я прынцыповы чалавек, то я павінен заявіць так і пра Расію.

Радыё Рацыя: – Апошняя падзея звязаная з тым, што было працягнута прыпыненне візавых санкцыяў да чыноўнікаў Беларусі. Як Вы ацэньваеце вось такое рашэнне Еўропы?

Шушкевіч: – Я ацэньваю гэта добра. Хаця самі гэтыя санкцыі не эфектыўныя. Я Вам растлумачу вельмі проста, калі бацьку не пускаюць у Еўропу, а яго дзеткі маюць магчымасці займацца ў лепшых універсітэтах свету. Калі бацька крадзе за кошт нашага народу грошы і можа забяспечыць сваіх дзяцей, яго не пускаюць у Еўропу, а дзеці вучацца там, то што гэта за санкцыі? У амерыканцаў разумныя санкцыі былі, яны вылічылі, хто і дзе мае якія эканамічныя стасункі і яны, магчыма так сказаць выстралілі па пэўных кропках, па пэўных пунктах. Гэта было вельмі эфектыўна, на вушы ўстаў наш урад, Лукашэнка. Тое, што яны вырашылі іх працягнуць, то гэта азначае тое, што Еўропа задумалася над тым, што яна робіць.

Радыё Рацыя: – Ці можна неяк акрэсліць Вашую палітычную тактыку на сённяшні дзень, тых палітычных сілаў якія стаяць за Вамі на сённяшні дзень?

Шушкевіч: – Нашая тактыка вельмі простая. Калі не будзе вось гэтай шаленай падтрымкі Расіі, якая ёсць сёння ў Лукашэнкі: палітычная, эканамічная, фінансавая, то мы вельмі хутка з ім пакончым. І іншымі спосабамі, мы здольныя аб’яднаць дэмакратычныя сілы і калі б мы дамагліся больш-менш справядлівых выбараў, то мы пераможам. У мяне такое ўражанне, што пэўным краінам Захаду вельмі выгадны Лукашэнка ў Беларусі, бо праз краіну спакойна цячэ нафта і газ.

Гутарыла Яна Запольская, Радыё Рацыя

Станіслаў Шушкевіч нарадзіўся 15 снежня 1934 года ў сям’і вядомага беларускага пісьменніка. Беларускі навукоўца і палітык, дэпутат Вярхоўнага савету 12-га і 13-га склікання, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, адзін з трох удзельнікаў падпісання ў снежні 1991 г. Белавежскага пагаднення аб юрыдычным замацаванні ўжо рэальна адбыўшагася распаду СССР. Старшыня партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада.