У Мар’інай Горцы забілі актывіста апазіцыі

Сябар Партыі БНФ Валянцін Доўнар памёр 26 лістапада ў шпіталі. Яму яшчэ не было 50 гадоў.

«У мінулую пятніцу прыкладна а 22:00 вечара на Доўнара напалі на вуліцы невядомыя, — расказвае аднапартыец памерлага Алесь Васьковіч. — Білі жалезнымі прутамі па галаве. Потым Валянціна даставілі ў рэанімацыю. Але не ўратавалі».

Валянцін Доўнар быў вядомы ў Мар’інай Горцы (Мінская вобласць, 60 км ад Мінска на паўднёвы ўсход) распаўсюднік незалежнай прэсы. Кожную пятніцу ён прывозіў з Мінску свежыя нумары «Народнай волі», «Новага часу», разносіў іх падпісчыкам, астатнія нумары раздаваў.

«Чалавек быў бяскрыўдны, як дзіця. Адзін жыў. Усе яго паважалі. Вазіў газеты да нас і ў снег, і ў дождж», — кажа А.Васьковіч.

Па факце забойства заведзеная крымінальная справа, але па ёй пакуль ніхто не арыштаваны. Пахаванне Валянціна Доўнара адбудзецца ў суботу ў Мар’інай Горцы а 14:00.

“Наша Ніва”