Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” патрабуе расследваць яго выкраданне

Актывіст грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Уладзімір Лемеш падаў скаргу ў пракуратуру Цэнтральнага раёна горада Мінска з патрабаваннем правесці пракурорскую праверку з нагоды яго выкрадання супрацоўнікамі міліцыі 27 лістапада.

Дэмакратычны актывіст патрабуе высветліць імёны асобаў, якія вінаватыя ў яго скраданні, і пакараць іх згодна з законам.

“У законе не прадугледжаныя такія дзеянні як скраданне чалавека і гавлтоўны вываз яго ў невядомым накірунку. І нават, калі гэта робяць супрацоўнікі міліцыі, то гэта бандытызм. Я лічу, што супрацоўнікі міліцыі такімі дзеяннямі парушылі маё права на свабоду і асабістую недатыкальнасць. Я буду змагацца за тое, каб у Беларусі выконваліся правы чалавека, і калі мяне не задаволіць адказ з пракуратуры, буду адстойваць свае правы ў судзе і ў камітэце ААН па правах чалавека”, — сказаў Уладзімір Лемеш.