Дамова аб памежным руху з Літвой сёлета не запрацуе

Беларусь даўно гатова падпісаць з Літвой дамову пра ўзаемныя паездкі жыхароў памежных тэрыторый, крок - за літоўскім бокам. Аб гэтым у пятніцу ў інтэрв’ю газеце "Литовский курьер" заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Карэспандэнт TUT.BY удакладніў, ці сапраўды літоўцы замаруджваюць падпісанне рэзананснага дакумента.

Чаму не падпісалі год назад?

Перамовы адносна падпісання дамовы пра спрошчаны памежны рух паміж Літвой і Беларуссю цягнуцца ўжо два гады. Меркавалася, што з сярэдзіны 2010-га жыхары абедзвюх краін, якія пражываюць на адлегласці да 50 кіламетраў ад мяжы, змогуць перасякаць яе дзякуючы адмысловым дазволам (яны будуць каштаваць 20 еўра і выдавацца тэрмінам ад двух да пяці гадоў).

Чакалася, што дакумент будзе падпісаны 16 верасня 2009 года падчас візіту ў Літву прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Аднак праз некалькі месяцаў пасля таго намеснік дырэктара дэпартамента палітыкі ўсходняга суседства Міністэрства замежных спраў Літвы Марыюс Гудзінас распавёў карэспандэнту TUT.BY, што за некалькі гадзін да прыезду Лукашэнкі беларускі бок паведаміў аб негатоўнасці падпісаць дамову. “Вядома, нас гэта не вельмі ўзрадавала, але мы сказалі, што сваю частку выканалі цалкам і зараз гатовыя пачакаць”, — адзначыў дыпламат.

16 верасня прэм’еры Літвы і Беларусі заявілі, што праблемаў, звязаных з мяжой, у будучыні не будзе, а пытанне спрошчанага перасоўвання будзе вырашана “ў бліжэйшы час”.

У канцы верасня 2009-га старшыня Дзяржаўнага пагранкамітэта Беларусі Ігар Рачкоўскі таксама заявіў, што міжурадавая дамова аб памежным супрацоўніцтве Беларусі і Літвы будзе падпісана да канца года: “Гэта чыста тэхнічнае пытанне”.

Падпісанне не адбылося, а 17 снежня падчас дэбатаў пра сітуацыю ў Беларусі ў Еўрапарламенце еўрадэпутат ад Літвы Юстас Палецкіс заявіў, што падпісанне дамовы з Літвой аб спрошчаным перасоўванні жыхароў памежных раёнаў зацягваюць беларускія ўлады.

Пазней з’явілася інфармацыя аб тым, нібыта каменем сутыкнення стала ўключэнне ў памежную паласу “спрэчных гарадоў”: Вільні і Алітуса з літоўскага боку, а таксама Ашмянаў і Смаргоні — з беларускага.

Праз пэўны час на паверхню ўсплыў і яшчэ адзін стрымліваючы фактар. Беларускі бок настойваў на тым, каб літоўскія грамадзяне, якія будуць наведваць Беларусь з “памежным” пропускам, праходзілі абавязковую рэгістрацыю, як і ўсе іншыя замежнікі. Літоўцы выказаліся катэгарычна супраць. Урэшце, беларускі МЗС мусіў “капітуляваць”.

“Асноўным фактарам, які замаруджвае падпісанне дамовы з Літвой, з’яўляецца адсутнасць у гэтай краіне інстытута рэгістрацыі замежных грамадзян. Бакі доўга шукалі шляхі вырашэння праблемы і пакуль спыніліся на такім варыянце, які прадугледжвае для жыхароў памежных тэрыторый Літвы знаходжанне ў Беларусі без рэгістрацыі і такі ж парадак у дачыненні беларусаў”, — паведаміў напрыканцы верасня намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валеры Варанецкі.

“На калядныя святы дакумент не запрацуе”

“Мы свой шлях прайшлі. Больш таго, мы прынялі варыянт Літвы. Вось як літоўцы прапанавалі, так мы і прынялі гэту дамову. Якія пытанні да нас? Як толькі вы будзеце гатовыя, мы падпішам дакумент”, — адзначыў Лукашэнка ў інтэрв’ю “Литовскому курьеру”.

Прэзідэнт Беларусі таксама дадаў, што дамова пра ўзаемныя паездкі жыхароў памежных тэрыторый Беларусі і Літвы можа быць падпісаная да канца года. “Мы поўныя рашучасці развязаць гэту праблему. І я ўпэўнены, што калі літоўскі бок захоча падпісаць дадзеную дамову, то да новага года мы яе падпішам”, — адзначыў прэзідэнт Беларусі.

Ці падпішуць Беларусь і Літва доўгачаканы дакумент і ці запрацуе ён да канца года? Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі лічыць, што імавернасць гэтага невысокая.

“Не так даўно генерал Рачкоўскі казаў, што падпісанне адбудзецца ледзь не з дня пры дні. Але… Варта дадаць, што акрамя падпісання неабходна яшчэ ратыфікацыя і подпіс прэзідэнта. Таму калі чуеш, што гэты дакумент падпішуць да канца года, то на калядныя святы ён дакладна не запрацуе. А пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі наогул мала хто можа ясна прагназаваць, як будзе развівацца ўнутрыпалітычная сітуацыя ў краіне”, — адзначае Якаўлеўскі ў інтэрв’ю TUT.BY.

На думку эксперта, заяву прэзідэнта Беларусі варта ўспрымаць як чарговую спробу паслабіць знешні ціск на краіну. Ён нагадвае, што адным з такіх крокаў ужо стала рашэнне пра вываз з Беларусі ядзерных адкідаў, якое віталі ў ЗША і Расіі.

А таксама з Польшчай і Латвіяй

У бліжэйшай перспектыве ільготныя ўмовы памежнага руху будуць існаваць таксама паміж Беларуссю і яшчэ двума шэнгенскімі суседзямі — Польшчай і Латвіяй.

Яшчэ 12 лютага 2010 года міністры замежных спраў Беларусі і Польшчы падпісалі Дамову аб малым памежным руху, згодна з якой жыхары памежных тэрыторыяў абодвух краінаў здолеюць перасякаць мяжу без візаў. Такую магчымасць атрымаюць тыя беларусы і палякі, хто не менш за тры гады жыве ў населеных пунктах, якія пачынаюцца ў межах 30-кіламетровай паласы і сканчаюцца менш як у 50 км ад мяжы. Адмысловыя пропускі коштам 20 еўра, якія будуць выдавацца на тэрмін да 5 гадоў (першы раз – на 2 гады), дазволяць знаходзіцца ў вызначаных “памежных зонах” суседняй краіны не больш за 90 дзён штогод. З беларускага боку на памежнай тэрыторыі месцяцца Гродна, Брэст, Пружаны, Высокае і інш., з польскага — Бяла-Падляска.

Адзначым, што палякі прынялі ад беларусаў умову, якую адкінулі літоўцы: усе грамадзяне з памежнымі пропускамі будуць абавязаныя рэгістравацца па прыбыцці на тэрыторыю суседняй дзяржавы.

Аднак і тут Беларусь у якасці даганяючага. У Польшчы ўсе ўнутрыдзяржаўныя працэдуры былі завершаны яшчэ ўвесну. Беларускія ж дэпутаты збіраюцца ратыфікаваць міжурадавы дакумент на восеньскай сесіі. Па словах Валерыя Варанецкага, Беларусь разлічвае, што здолее рэальна прыступіць да рэалізацыі дамовы на пачатку 2011 года.

Напрыканцы лета прэзідэнт Лукашэнка ўхваліў у якасці асновы для правядзення перамоў праект дамовы аб спрошчаным парадку паездак жыхароў памежных раёнаў Беларусі і Латвіі.