У Ірыны Халіп – новы адвакат. Ужо трэці па ліку

Яе інтарэсы ў часе следчых дзеянняў цяпер будзе прадстаўляць Ганна Бахціна.

Яе інтарэсы ў часе следчых дзеянняў цяпер будзе прадстаўляць Ганна Бахціна.

З таго, што змагла паведаміць па тэлефоне прэс-службе БАЖ маці журналісткі Люцына Бяльзацкая, з новым адвакатам пакуль не сустракаліся, але ўжо гутарылі.

Па словах Люцыны Юр’еўны, адвакат Тамара Гараева, з якой днямі была заключана дамова, 4 лютага раптоўна адмовілася прадстаўляць інтарэсы Ірыны.

Што да Уладзіміра Тоўсціка, які абараняў Ірыну ад самага пачатку, то дамова з ім — прынамсі, з боку Ірыны Халіп, — дагэтуль не скасаваная, але ён таксама не можа яе бараніць. «Тут усё складана, я не магу казаць пра гэта», — зазначыла толькі спн. Люцына.

Пра тое, што Ірына Халіп засталася без адваката, сёння яе бацька Уладзімір Халіп паведаміў сайту charter97.org. Ён распавёў, як развіваліся падзеі з адвакатамі Ірыны: «У гэтага адваката (маецца на ўвазе Тамара Гараева — заўв. БАЖ) добрыя рэкамендацыі, яна ахвотна пагадзілася абараняць Іру. Мы заключылі дамову, зрабілі першы ўнёсак, і раптам яна тэлефануе і катэгарычна адмаўляецца абараняць Ірыну…» «На мінулага адваката Ірыны Халіп — Уладзіміра Тоўсціка — аказваўся сур’ёзны ціск, яму пагражалі пазбаўленнем ліцэнзіі, нагадаў Уладзімір Халіп», — паведаміла «Хартыя».

Карэспандэнт Радыё «Свабода» датэлефанаваўся ў юрыдычную кансультацыю № 2 Савецкага раёна Мінска, дзе працуе адвакат Тамара Гараева. Яна спаслалася на занятасць, па якую даведалася толькі пасля заключэння дамовы з журналісткай: «У мяне ёсць іншая праца, якую мне цяжка было б сумясціць. Я проста пагадзілася… Не тое каб паспешліва, тут я разумела, якая сітуацыя, але потым зразумела, што ў мяне не атрымаецца спалучаць… Я сама прыняла такое рашэнне».