Учора па ўсей краіне прайшлі жалобныя акцыі па ахвярах тэракту ў Менску (фота)

Акцыя жалобы ў знак салідарнасьці з ахвярамі тэракту ў менскім метро прайшла ў Баранавічах, Віцебску, Магілёве і Берасці, Полацку і Воршы.

У Баранавічах мерапрыемства ініцыявалі навучэнцы Баранавіцкага дзяржаўнага каледжу легкай прамысловасьці імя Чэрнышова.

Ініцыятыву навучэнцаў каледжа падтрымалі студэнты з іншых навучальных установаў Беранавічаў, ліцэю, мясцовага ўнівэрсытэту. У жалобнай акцыі прынялі ўдзел каля 70 чалавек, у асноўным моладзь.

На цэнтральнай плошчы ўдзельнікі жалобнай акцыі ўсклалі кветкі і запалілі знічы. Мерапрыемства было ўзгоднена зь мясцовай адміністрацыяй і ДАІ.

Сваё жалобнае мерапрыемства з хвілінай маўчаньня правяла моладзь на Савецкай плошчы Магілёва. Да размешчанага тут мэмарыялу прыйшлі больш за сто маладых людзей. Амаль кожны прынёс букет гвазьдзікоў і свечкі.

Жалобная акцыя па ахвярах тэракту ў менскім мэтро была арганізаваная праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце. Чаму моладзь не далучылася да афіцыйнага жалобнага мерапрыемства, якое адбылося ў сёння на плошчы Леніна, ля знаку «нулявы кілямэтар»?

«Афіцыйнае — гэта атрымліваецца, што туды прыйшлі дзяржаўныя службоўцы. Туды, можна сказаць, прымусова людзей прыводзілі. А тут людзі спісваліся праз сацыяльныя сеткі і самі прыйшлі, каб выказаць спачуваньні блізкім людзям, у якіх сваякі загінулі й пацярпелі ў мэтро. Гэта ж такая трагедыя ў Беларусі», — зазначыў адзін з арганізатараў жалобы Дзяніс.