Дзень салідарнасці з палітвязнямі ў Менску
Напярэдадні Дня Салідарнасці ў Менску каля ўваходу ў Батанічны сад адбылася акцыя актывістаў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь".
Каля 30 чалавек сталі ў шэраг па ўсім перыметры ўваходу ў парк. Яны трымалі партрэты тых, хто ўжо быў асуджаны ці чакае свайго прысуду па крымінальнай справе, якую завялі ўлады Беларусі пасля мірнай акцыі 19 снежня. Таксама былі партрэты і незаконна асуджанага прадпрымальніка Аўтуховіча, журналіста Андрэя Пачобута, якога абвінавачваюць у абразе прэзідэнта.
“За кратамі апынуліся наш лідар Андрэй Саннікаў, каардынатар Зміцер Бандарэнка, прэс-сакратар Аляксандр Атрошчанкаў, актывісты Зміцер Дрозд і Сяргей Казакоў, чакае суду Уладзімір Кобец, шмат каму прыйшлося ратавацца за мяжой. Дзесяткі людзей ужо асуджаны на розныя срокі за ўдзел у мірнай акцыі 19 снежня. Нягледзячы на ўсе спробы задушыць дэмакратычны рух у Беларусі, грамадзянская кампанія “Еўрапейская Беларусь” будзе працягваць змагацца за свабоду ўсіх палітвязняў і дабівацца перамен у краіне”, – заявіў адзін з удзельнікаў акцыі Уладзімір Лемеш.
Акцыю маглі назіраць шматлікія наведвальнікі парку, а таксама тыя, хто ў гэты час праязджаў па праспекту Незалежнасці. Людзі былі ўражаныя такой колькасцю ўдзельнікаў акцыі і з цікавасцю рабілі фотаздымкі. Праз нейкі час актывістаў папярэдзілі неабыякавыя мінакі, што чулі, як пачалі выклікаць міліцыю, аднак пакуль тая прыехала, акцыя ўжо скончылася.
Самае цікавае, атрымалася сфатаграфаваць невядомага, які выклікаў міліцыю, паказаў ім нейкія дакументы і пачаў гучна тлумачыць “што бачыў, як стаяла прыкладна 20 чалавек з партрэтамі”, паказаў дзе іх трэба шукаць, “бо яны напэўна хаваюцца за калонамі”.