Мастак Алесь Шатэрнік падарыў карціну сям’і Саннікава

Мастак і скульптар Алесь Шатэрнік падарыў сваю карціну «Прысвячэнне» экс-кандыдату ў прэзідэнты Андрэю Саннікаву, які цяпер знаходзіцца ў турме.

Перадаючы карціну Уладзіміру Халіпу, цесцю Саннікава, мастак адзначыў, што сам Саннікаў бачыў гэтую карціну на юбілейнай выставе мастака восенню 2010 г., і яна яму спадабалася. Перадаючы цяпер яе ў падарунак, мастак хоча выказаць падтрымку сям’і Андрэя Саннікава і ўвогуле ўсім беларускім палітзняволеным.

«Карціна выкананая ў імпрэсіяністычнай манеры, якая прадугледжвае пэўную няскончанасць, пэўны працяг. Барацьба і дзейнасць Андрэя Саннікава, Ірыны Халіп, іншых грамадскіх дзеячаў зусім не скончаная, і мы ўсе жадаем ім хутчэйшага поспеху, — сказаў Алесь Шатэрнік. — Тры дрэвы на полі пад трывожным небам — гэта Андрэй, Ірына і Данілка. Яны будуць расці, а беларускае поле, я ўпэўнены, будзе каласіцца, якія б буры нас ні чакалі».