Мінчукі заступіліся за збітага міліцыянтамі мужчыну (ВІДЭА)

Як паведамляе "Еўрарадыё" здарэнне адбылося 25 траўня на прыпынку транспарту каля гандлёвага дома "На Нямізе".

Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё распавёў відавочца інцыдэнту фатограф Антон Матолька.

Па яго словах, у грамадскім транспарце кандуктар выявіў студэнтаў-безбілетнікаў. Калі іх спрабавалі вывесці з транспарту, за “зайцаў” заступіўся малады чалавек. Нібыта завязалася патасоўка, пасля чаго маладога чалавека міліцыянты вывелі з транспарту і пачалі збіваць.

За маладога чалавека заступіліся мінчукі. Па словах Матолькі, каля прыпынку і на лесвіцы гандлёвага дому “На Нямізе” сабралося каля сотні чалавек. Усе яны стрымлівалі міліцыянтаў.

Як распавяла Еўрарадыё сведка падзеі дзяўчына Люба, двое міліцыянтаў прыціснулі маладога чалавека да зямлі і збілі яго да крыві на галаве. Сама Люба выклікала нарад міліцыі. Але яшчэ да міліцыянтаў прыбыў нарад АМАПу. На маладога чалавека спрабавалі ўздзець кайданкі, кажа сведка. Пасля гэтага яго павялі ў міліцэйскую машыну. Кандуктарка, якая таксама паехала з міліцыянтамі, расказвала пра нейкую правакацыю з боку пасажыраў, адзначае Люба.