Купалаўцаў не адпусцілі на фестываль ва Уроцлаў
Па словах кіраўніцтва тэатра рашэнне не пускаць трупу ва Уроцлаў, прынятае Міністэрствам культуры па палітычных матывах.
На спектакль «Пінская шляхта» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ва Уроцлаве ўжо прадавалі квіткі, але ў апошні момант кіраўніцтва галоўнага беларускага тэатра паведаміла арганізатарам Дзён беларускай культуры, што прыехаць не змогуць.
Як паведаміў кіраўнік фундацыі «За вашу і нашу вольнасць» Мікалай Іваноў, кіраўніцтва тэатра нават не хавала ў размове з ім таго, што рашэнне не пускаць трупу ва Уроцлаў, прынятае Міністэрствам культуры па палітычных матывах:
– Мы планавалі, што будуць два спектаклі акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы – «Пінская шляхта». Мы практычна ўжо падпісалі давмову, гатовыя ўжо былі ім выплаціць грошы, білеты пачалі прадаваць. У апошні момант – відаць, нехта там вырашыў у Мінску – было сказана, што ў сувязі з палітычнай сітуацыяй, у сувязі з тым, што гэта будзе не толькі культура, але і сустрэчы з апазіцыяй, тэатр, які з’яўляецца дзяржаўнай установай – не можа ў гэтым удзельнічаць.
На шчасце, кажа Мікалай Іваноў, у апошні момант удалося знайсці купалаўцам замену – мінскі тэатр «Дошкі» і прыватны гродзенскі тэатр «Правінцыя». Арганізатары спадзяюцца, што хоць недзяржаўных акцёраў прапусцяць на мерапыемства ў Польшчу.