«Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» у Брэсце

1 чэрвеня а 19-й гадзіне ў Брэсце пачалася рэспубліканская акцыя «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі». На галоўнай плошчы горада сабралася 20-30 чалавек, пераважна моладзь.

Але ўжо праз паўгадзіны плошча Леніна была амаль што бязлюдна. Старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Шыманскі паведаміў Рацыі, што ніводаная з палітычных структур, якія існуюць у горадзе, да гэтай акцыі не маюць дачынення.

– Сацыяльныя сеткі арганізоўваюць гэтую акцыю. Мы да яе не маем ніякага дачынення. Не думаю, што інфармацыя пра тое, хто яе арганізатары, шырока распаўсюджваецца.

Падобныя акцыі сёння адбыліся і ў іншых гарадах Беларусі. Інфармацыя пра акцыю з’явілася ў сацыяльнай сетцы “У кантакце”. Паводле абвесткі, трэба проста прыйсці на галоўную плошчы свайго горада а 19-й гадзіне. Такія акцыі будуць праводзіцца штотыдзень. Арганізатары спадзяюцца, што кожны раз на плошчу будзе прыходзіць усё больш і больш людзей.