«Мама, я не магу жыць не па сумленні…»

Са сваёй кватэры ў адным са спальных мікрараёнаў Мінска Зоя Дзмітрыеўна Дрозд выходзіць па некалькі дзясяткаў разоў на дзень. Выходзіць з надзеяй, што вось зараз яна ў чарговы раз адчыніць паштовую скрыню і, нарэшце, атрымае ліст ад любімага сына Дзімы...

Цяпер лісты ад Дзмітрыя, які быў асуджаны на тры гады калоніі за ўдзел у мітынгу 19 снежня — самая вялікая для яе радасць…

“Дзіма рэгулярна піша, на лёс не скардзіцца, падтрымлівае, словам, верыць, што ўсё зрабіў правільна, па сумленні, — гаворыць Зоя Дзмітрыеўна. — Нам яшчэ пашчасціла, што ўсе лісты ад яго атрымліваем. Справа ў тым, што ў Дзімы вельмі дрэнны почырк, можа, цэнзура і не ўчытваецца асабліва, усе ягоныя лісты да мяне даходзяць… Піша, што “тут як у піянерлагеры”, піша, што вельмі рады за Уладзіміра Някляева, які не апынуўся за кратамі. Піша, што адчувае падтрымку, просіць мяне, каб не плакала… Вось так і жыву — ад ліста да ліста…”

Для Зоі Дзмітрыеўны, напэўна, як і для іншых людзей, чые сваякі, знаёмыя, сябры трапілі пад каток рэпрэсій пасля падзей 19 снежня, жыццё разбілася на дзве часткі — да і пасля Плошчы.

Да Плошчы ў гісторыка Дзмітрыя Дразда была любімая даследчая праца, захапленне фатаграфіяй, безліч спадзяванняў, задум, планаў…

“Дзіма рос добрым хлопчыкам. Вучыўся выдатна, пасля школы скончыў Мінскі тэхналагічны тэхнікум па спецыяльнасці “фотатэхніка”, затым паступіў на гістфак БДУ, які бліскуча закончыў, — гаворыць Зоя Дзмітрыеўна. — Ён заўжды марыў стаць гісторыкам-даследчыкам, гісторыя была яго любімым прадметам яшчэ са школы. Дзякуючы сваёй фенаменальнай памяці ён лёгка запамінае гістарычныя даты, можа гадзінамі расказваць пра нейкія гістарычныя падзеі…”

Дзмітрый Дрозд, як, напэўна, і належыць сапраўднаму гісторыку, — чалавек цікаўны. Можа быць, менавіта таму ён ведае пра свой род амаль усё, пачынаючы з 1600 года. Лепш за Дзмітрыя пра генеалогію рода Драздоў, напэўна, мала хто ведае ўвогуле. “Нашы продкі мелі шляхетныя карані, былі буйнымі землеўладальнікамі, — працягвае Зоя Дзмітрыеўна. — Дарэчы, знакамітыя Дразды (так званае “Царскае сяло” – месца, дзе адбудавалі катэджы сённяшнія беларускія чыноўнікі. — Аўт.) у свой час належалі нашым продкам. У вёсцы Дразды я і нарадзіла Дзмітрыя і ягоную сястру Наталлю. У Мінск мы пераехалі пазней”.

Не выключана, што менавіта падчас працы ў гістарычных архівах, звязанай з высвятленнем каранёў старажытнага роду Драздоў, Дзмітрый задумаў і паспеў выдаць кнігу “Землеўладальнікі Мінскай губерні 1861—1900”. Над гэтым 600-старонкавым даведнікам Дзмітрый працаваў два гады: “Ён да таго сем гадоў жыў і працаваў у Маскве, — працягвае аповед Зоя Дзмітрыеўна. — Там ён працаваў фатографам, здымаў пейзажы, бо вельмі любіць прыроду. У яго нават асабістыя фотавыставы былі… Два гады таму ён вярнуўся ў Мінск і сур’ёзна ўзяўся за гэтую кнігу. У гістарычныя архівы як на працу хадзіў. У рэшцэ рэшт дапісаў. Гэта першая кніга сына. Увогуле, кнігі для яго ўсё. Ён можа не патраціць грошы на ежу ці адзенне, але на кнігі — заўжды. Дык вось ягоная першая кніга выйшла за два месяцы да арышту…”

19 снежня мінулага года, нягледзячы на тое, што і мама, і сястра адгаворвалі яго ад удзелу ў мітынгу, Дзмітрый пайшоў на Плошчу.

“Я яму казала: сынок, супрацьстаяць уладзе немагчыма, гэта як плыць супраць цячэння, — гаворыць Зоя Дзмітрыеўна. — А ён мне: мама, я не магу іначай, я не магу жыць не па сумленні. І пайшоў. Пажартаваў яшчэ: маўляў, калі не пасадзяць, то Новы год адсвяткуем разам…”

Дзмітрыя ўсё ж такі пасадзілі — спачатку на 10 сутак адміністрацыйнага арышту…

“Новы год мы і сапраўды разам сустрэлі, як ён і абяцаў, — гаворыць жанчына. – Памятаю, я яму тады сказала: “Ну, дзякуй Богу, што ўсё абышлося”. А ён адказаў: маўляў, нічога яшчэ не скончана, усё толькі распачынаецца… Як у ваду глядзеў…”

У дзень арышту за Дзмітрыем Драздом прыйшлі ў 7 гадзін раніцы. Яго забралі прама з ложка. Людзі ў цывільным, якія за ім прыехалі, толькі і сказалі маці: “Мы яго забіраем у якасці сведкі…” У наступны раз Зоя Дзмітрыеўна змагла пабачыць сына толькі ў судзе, дзе яго, нібы злачынцу, трымалі ў клетцы: “Я лічу, што прысуд сыну нічым не абгрунтаваны, абвінавачанне само па сабе абсурднае. Але ад суда я апраўдальнага прысуду для сына не чакала. Пасля таго, як усё скончылася і сын атрымаў тры гады зняволення, нам нават адвакаты казалі, маўляў, мы самі ў гэтых працэсах як статысты, і ўсё ўжо вырашана…”

На судзе Дзмітрый Дрозд прасіў даць яму 10 ці 15 гадоў (за тое, што некалькі разоў грукнуў у дзверы Дома урада), але толькі так, каб ён мог займацца сваёй любімай гісторыяй.

“Ён у кожным лісце непакоіцца за свае архівы… Піша, што сядзеў бы ў турме, колькі спатрэбіцца, толькі б архівы пад рукой былі… І ў яго, наколькі я ведаю, вось-вось павінна была выйсці і другая кніга, прысвечаная лёсам фатографаў ХХ стагоддзя. Але арышт і турэмны тэрмін зламалі ўсе ягоныя планы…”

Зоя Дзмітрыеўна верыць у тое, што Дзмітрый выйдзе на волю раней за вызначаны судом тэрмін: “Сэрцам я гэта адчуваю… — прызнаецца яна. — Што мне зараз дае моцы жыць? Вера. Надзея. І ўспамін пра адзін выпадак з Дзімавага дзяцінства. У іх у дзіцячым садку аднойчы запыталіся: якое б адно жаданне вы загадалі чараўніку пры ўмове, што яно будзе абавязкова выканана? Дзіма ўстаў і сказаў: “Я хачу, каб мая мамачка заўжды была здаровай і каб я заўжды быў побач з ёю… Веру, што хутка сын ізноў будзе побач…”