Танкачова: У пракуратуры я казала аб чатырох публічных заявах пра катаванні

Праваабаронца наведала вайсковую пракуратуру разам з жонкай палітвязня Аляксандра Атрошчанкава.

Дар’ю Корсак, жонку палітвязня Аляксандра Атрошчанкава, учора выклікалі ў вайсковую пракуратуру для дачы тлумачэнняў наконт скаргі аб катаваннях і жорсткім стаўленні ў турме КДБ. Еўрарадыё паразмаўляла ў жывым эфіры з вядомай праваабаронцай Аленай Танкачовай, якая суправаджала Дар’ю ў ваенную пракуратуру.

Танкачова:.”Заяву Дар’я пісала па фактах жорсткіх, безчалавечных адносінаў у дачыненні да Атрошчанкава, калі ён знаходзіўся у следчым ізалятары Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Дар’я запрасіла мяне ў якасці прадстаўніка… У якасці прадстаўніка мяне не дапусцілі, спасылаючыся на тое, што ў рамках крымінальнага, працэсуальнага Кодэкса прадугледжана прадстаўніцтва толькі адвакатаў. Таму мы прынялі з Дар’яй рашэнне аб тым, што яна будзе даваць сваё тлумачэнне толькі ў прысутнасці адваката. Сення ўжо знайсці адваката цяжка, таму я сказала, што гатовая даць тлумачэнне па вядомых мне фактах. І пакінула пісьмовае тлумачэнне, пасля чаго была апытаная следчым ваеннай пракуратуры па фактах катаванняў.

Я казала аб чатырох публічных заявах. Аб заяве Міхалевіча, заяве Саннікава, якую ён рабіў у судзе (я прысутнічала пры гэтай заяве), я казала аб тым, што Аляксандр Атрошчынкаў пацвердзіў факты і інфармацыю, якая была выкладзена Міхалевічам, пацвердзіў, што такія ж дзеянні прадпрымаліся ў дачыненні да яго. Таксама я спаслалася на апошні матэр’ял Някляева, які таксама пацвярджае гэтыя факты”.

Еўрарадыё: Дар’я пісала у Генеральную пракуратуру, а выклікалі яе ў вайсковую пракуратуру. Чаму так?.

Танкачова:. “Я задала гэтае пытанне следчаму. Следчы патлумачыў, што ваенная пракуратура ўваходзіць у склад Генеральнай пракуратуры і гэта знаходзіцца ў паўнамоцтвах генеральнага пракурора, вызначыць, у якую з пракуратур ён накіруе заяву для разгляду (мяне такое тлумачэнне задаволіла)”.

Еўрарадыё: Вы напісалі заяву, з вас узялі тлумачэнне, а што далей?.

Танкачова:. “А далей павінна быць, наколькі я разумею, праведзена праверка. Зараз у следчага не толькі дзве заявы жонкі Атрошчанкава і Саннікава, але і інфармацыя, якую дадаткова прадставіла я, адносна заявы Міхалевіча і Някляева. Як мінімум, следства павінна апытаць таксама і Някляева, і прадпрыняць меры, накіраваныя на атрыманне прававой дапамогі і апытання Міхалевіча за межамі Беларусі”.

Еўрарадыё: Той факт, што гэта разглядае ваенная пракуратура, ці гэта не прывядзе да таго, што ўсё будзе засакрэчана?.

Танкачова.: “Пракуратура не праводзіць ніякіх слуханняў, пракуратура праводзіць праверку. Давайце пакуль разлічваць на тое, што следства будзе сябе паводзіць добрасумленна і прадпрыме ўсе неабходныя дзеянні для ўстанаўлення праўды”.