Данік Саннікаў крыўдуе на паштальёнаў, якія вельмі марудна ходзяць і не прыносяць яму штодня лістоў ад таты

Ірына Халіп -" Данька кожную раніцу просіць мяне, каб мы пайшлі да паштовай скрыні і паглядзелі, ці не даслаў тата чарговы ліст з чарговай казкай."

Паводле Ірыны Халіп, яе муж, экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў застаецца на «Валадарцы». «Андрэй не напісаў заяву аб пераводзе ў калёнію да разгляду касацыйнай скаргі, вывучае пратаколы працэсу, рыхтуецца да касацыі. Але думае і пра калёнію. Папрасіў набыць яму адмысловую робу, каб насіць у калёніі — лепш прывезьці сваю. Праўда, замовіў на 2 памеры меншую, чым раней насіў вопратку. Відаць, гэтак схуднеў», — распавяла Ірына Халіп «Свабодзе».

Сын Ірыны Халіп і Андрэя Саньнікава 4-гадовы Данік вельмі чакае ад таты казак, якія той дасылае ў лістах з турмы. Аднак ліставаньне з татам-вязьнем нерэгулярнае, зазначае Ірына Халіп:

«Данька кожную раніцу просіць мяне, каб мы пайшлі да паштовай скрыні і паглядзелі, ці не даслаў тата чарговы ліст з чарговай казкай. І калі там нічога няма, калі скрыня пустая, Данік крыўдуе. Але, на шчасьце, не на тату, а на паштальёнаў, якія вельмі марудна ходзяць і не прыносяць яму штодня лістоў ад таты».

Андрэй Саньнікаў асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня паводле артыкула аб арганізацыі масавых беспарадкаў. Паводле такога ж артыкула асуджаныя на 6 і 5,5 гадоў экс-кандыдаты на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч і Дзьмітрый Вус.