Падчас учорашняй «Рэвалюцыі апладысментаў» па ўсёй краіне затрымалі 240 чалавек
Паводле звестак праваабаронцаў, падчас акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі», што прайшла 15 чэрвеня ў розных гарадах Беларусі, было затрымана звыш 240 чалавек.
У прыватнасці, у Мінску было затрымана 18 чалавек, у Брэсце — 11, у Віцебску — 20, у Гродне — мінімум 22, у Гомелі — пяць. Затрыманні прайшлі таксама ў Барысаве (27 чалавек), Баранавічах (3), па два чалавекі былі затрыманыя ў Жодзіне і Маладзечне, 19 чалавек — у Салігорску, шэсць — у Слуцку.
Як паведаміў Валянцін Стэфановіч, названая колькасць затрыманых зараз удакладняецца і, магчыма, яна павялічыцца, бо з некаторых гарадоў краіны дакладная інфармацыя пакуль не паступіла. Напрыклад, у Гродне 22 чалавекі былі дастаўленыя толькі ў Цэнтральны РАУС.
«А ў цэлым, паводле нашай інфармацыі, там былі затрыманыя ад 25 да 35 чалавек», — сказаў Стэфановіч.
Праваабаронцы таксам спрабуюць высветліць, што менавіта інкрымінавалася затрыманым і ці пройдуць над імі суды.
Як ужо паведамлялася, у некаторых гарадах затрыманых адпусцілі праз некалькі гадзін пасля затрымання без складання пратаколаў.
Удзельнікамі акцыі маўклівай салідарнасці «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» вечарам 15 чэрвеня сталі тысячы людзей у розных гарадах Беларусі. Самай шматлікай стала акцыя ў цэнтры Мінска. Паводле ацэнак назіральнікаў, у ёй узялі ўдзел некалькі тысяч чалавек, аднак ГУУС Мінгарвыканкама паведамляе пра 500 удзельнікаў.
Гэта ўжо другая акцыя, ініцыяваная групай актывістаў сацыяльных сетак «ВКонтакте» і Facebook. Першая прайшла 8 чэрвеня. Учарашняя акцыя была значна больш шматлікай, нягледзячы на папярэджанне Генпракуратуры і МУС.