Працягваецца ціск на чальцоў груп УКантакце (інрэрв’ю Максіма Чарняўскага)
Мірныя акцыі пратэсту, што праводзяцца праз сацыяльныя сеткі, прыцягваюць усё больш увагі. З аднаго боку – на ўжо традыцыйныя зборы на плошчы ў розных гарадах Беларусі падцягваецца ўсё больш людзей. З другога – пачынаецца новая хваля выклікаў у КДБ адміністратараў актыўных УКантакце груп. Сярод магчымых абвінавачваннняў фігуруе і справа аб падпале Дома правасуддзя.
Нагадаем, што 3 чэрвеня ўвечары да Дзмітрыя Няфёдава, які адказваў за суполку “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку”, з вобшукам прыйшлі супрацоўнікі КДБ. У той жа дзень у КДБ забралі і Сяргея Паўлюкевіча, які адміністраваў суполкі “Мы за вялікую Беларусь!”, “Марш мільёнаў”.
Пасля двух удалых сустрэч на плошчы ў Салігорску 8 і 12 чэрвеня пад ціскам з боку супрацоўнікаў мясцовага КДБ раніцай 11 чэрвеня была выдалена суполка “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі ў Салігорску”. Яна заклікала салігорцаў прыйсці на цэнтральную плошчу 15 чэрвеня а 19 гадзіне. Супрацоўнікі КДБ наўпрост патэлефанавалі аганізатару сустрэчы і пагражалі “праблемамі”. Нягледзячы на ціск і пераслед, жыхары гораду збіраюцца выходзіць на цэнтральную плошчу гораду кожную сераду.
Дзіўным чынам знікла старонка з запрашэннем на сустрэчу на плошчы ў Маладзечна, выдалены акаўнт дзяўчыны, якая стварыла яе, не адказвае на тэлефанаванні і яна сама.
Днём 13 чэрвеня патэлефанавалі і запрасілі на прафілактычную гутарку адміністратара групы УКантакце “Надоел нам этот Лукашенко” Максіма Чарняўскага. Максім навучаецца на першым курсе Інстытута журналістыуі БДУ. Прэс-служба “Еўрапейскай Беларусі” сустрэлася з маладзёнам.
– Як бацькі ставяцца да ўсяго, што ты робіш?
– У мяне толькі маці – бацька памёр, калі мне было 11 год. Мама, канешне, хвалюецца, не хоча, каб мяне выключылі з універсітэта. Яна кажа так – давучыся, а пасля рабі, што захочаш. Калі я быў у КДБ, яе выклікалі, размаўлялі. Шмат запалохвалі: казалі, што я арганізатар масавых беспарадкаў, хоць наша група толькі рэкламавала падзею, а не была яе арганізатарам.
– А ты насамрэч не баішся, што ў выніку на цябе пачнуць ціснуць і на факультэце, як было, напрыклад, з Франакам Вячоркам?
– Могуць, канешне, пачаць. Але я не моцна гэтага баюся, таму што БДУ і так не дае мне тых ведаў, якія мне патрэбныя.
– Чым займаецца група УКантакце “Надоел нам этот Лукашенко”?
– Усё, чым мы займаліся – гэта маніторылі апазіцыйныя сайты і выкладалі навіны на старонку УКантакце, каб людзям можна было ўжо не губляць час на пошук, а падпісацца на нашу групу і ў рэжыме навінаў праглядаць абнаўленні. Як толькі мы пачалі рэкламаваць выхад на плошчу 15 чэрвеня, які арганізуе група “Движение будущего” – тады намі і зацікавіліся.
– Колькі было сустрэч на плошчы?
– Гэта трэцяя сустрэча. На першай было да 100 чалавек. Другі раз было 500-700 чалавек. Я думаю, што зараз, з такой рэкламай нават ад самаго прэзідэнта і СМІ
– будзе некалькі тысяч.
– Наколькі сур’ёзна людзі вераць у гэтую ідэю і магчымасць рэвалюцыі праз сацыяльную сетку?
– Не ведаю, ці гатовыя людзі да рэвалюцыі, але людзі гатовыя выходзіць на плошчу менавіта на мірную дэманстрацыю. Да мяне звярнуліся вельмі шмат сяброў з пытаннямі – калі, дзе і што будзе адбывацца, бо хочуць прыйсці. Гэта людзі, якія раней ніколі б такога ў мяне не запыталі. Сапраўды, шмат людзей цікавіць магчымасьць мірнай дэманстрацыі.
– Раскажы, аб чым з табою размаўлялі ў КДБ?
– Мяне выклікалі па тэлефоне, хоць многія казалі, што я мушу патрабаваць павестку. Я прабыў там дзесьці 4 гадзіны. Спачатку са мной доўга размаўляў адзін супрацоўнік, ён патлумачыў мне сур’ёзнасьць сітуацыі, што гэтыя штотыднёвыя сходы на плошчы – гэта толькі падрыхтоўка да таго, каб 3 ліпеня пачаць масавыя безпарадкі і што КДБ хвалюецца, каб не адбылося кровапраліцця і не было чалавечых ахвяраў, таму зараз і праводзяцца прафілактычныя размовы з адміністратарамі груп УКантакце. Патлумачылі, якая мне можа пагражаць адказнасць – паказалі чатыры ці пяць артыкулаў, пад якія я магу пайсці, калі пачнуцца масавыя безпарадкі. Распытвалі пра адміністраванне ў групе “Надоел нам этот Лукашенко” – я не ўваходжу ў адміністратары, я аб гэтым і паведаміў. Папрасілі мой пароль ад УКантакце, не дабіліся яго ад мяне, а потым сказалі, што ён ім і не трэбны.
– З гэтай групы кагосці акрамя цябе ўжо выклікалі?
– У той жа дзень выклікалі яшчэ аднаго хлопца, ён зараз таксама не ў адміністрацыі. Не ўпэўнены – ён ужо быў у КДБ ці толькі пойдзе. І дзяўчына з нашай групы – сёння а 6 раніцы ёй патэлефанаваў метадыст і выклікаў на размову ў дэканат.
– Ты так спакойна напісаў аб усім у свой блог?
– Насамрэч, калі я размаўляў з супрацоўнікамі, то сказаў, што напішу ў блог аб тым, што адбывалася. На гэта мне адказалі – добра, але не трэба расказваць СМІ. Таксама спыталі, ці пайду я 15-га – я адказаў, што пайду.
– Ты камунікаваў за адзін раз з некалькімі супрацоўнікамі КДБ. Што гэта за людзі, якія працуюць у КДБ?
– Твары ў іх не стэрэатыпныя – усе выглядаюць як звычайныя маладыя людзі, салідныя, у гарнітурах. Яны вельмі тонкія псіхолагі – спачатку праводзяць адну тактыку размовы, пасьля другую. Пры канцы да мяне прыйшоў чалавек, які мірна са мной размаўляў і ў якога атрымалася схіліць мяне да сябе. А вось нейкі начальнік быў больш агрэсіўным. Па іх словах, яны хвалююцца не за Лукашэнку, а за людзей, якія могуць пацярпець.
– Што ты думаеш пра навіну аб тым, што Лукашэнка гатовы зачыніць УКантакце?
– Выглядае на нейкую фэйкавую навіну, з дапамогай якой раскручваюцца пэўныя сайты.
Прэс-служба “Еўрапейскай Беларусі”