Арганізатары маўклівых пратэстаў вяртаюцца да старога фармату — Кастрычніцкая плошча

Сёння ў суполцы «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» Вконтакте з’явілася інфармацыя, што наступная акцыя 20 ліпеня адбудзецца на Кастрычніцкай плошчы.

Для вырашэння пытання з наступнай акцыяй была праведзеная апытанка.

37% апытаных выказаліся менавіта за Кастрычніцкую — гэта найлепшы вынік. Следам стаіць варыянт прагулак па праспекце Незалежнасці (19%), Прывакзальная плошча (9%), Нацыянальная бібліятэка, гарадскія паркі (па 6%).

Менавіта з Кастрычніцкай плошчы і пачыналіся маўклівыя пратэсты, але, пасля таго як улада стала ўжываць сілу, арганізатары сталі шукаць іншыя варыянты. Людзі збіраліся на Прывакзальнай плошчы, на цэнтральных пунктах раёна, гулялі па праспекце. Аднак найбольш масавай па-ранейшаму застаецца акцыя 22 чэрвеня на Кастрычніцкай плошчы.

У рэгіёнах акцыі таксама пройдуць на цэнтральных плошчах гарадоў. Мінулы раз арганізатары шукалі іншыя пляцоўкі.