Для Бандарэнкі людзі гатовыя набыць неабходныя лекі

Падтрымаць Змітра Бандарэнку прыйшлі 25 ліпеня людзі да шпіталя №5, дзе паплечніку кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава павінны зрабіць аперацыю.

Арганізатарамі гэтай акцыі падтрымкі сталі спявачка Руся і прадпрымальнік Андрэй Кабанаў.

Руся: “Хацелася падтрымаць Змітра, каб ён нейкім чынам даведаўся, што нам не ўсё адно. Хацелася таксама пабачыцца з Вольгай, жонкай Змітра, падтрымаць яе. Бо мне нават страшна ўявіць, калі б такое здарылася з маёй сям’ёй”.

Падтрымаць палітвязня прыйшло да шпіталя а 9 раніцы каля 20 чалавек. Усе яны сталі сведкамі таго, як Бандарэнку прывозілі да медычнай установы.

Андрэй Кабанаў: “Прыехаў аўтамабіль з закрытымі фіранкамі вокнамі. З яго выйшаў чалавек з тэчкай дакументаў і прайшоў у прыёмны пакой для афармлення дакументаў, а кіроўца і канваіры ў камуфляжнай вопратцы сядзелі ў машыне. Машына пастаяла 7-10 хвілінаў і з’ехала. Не ведаю, з-за чаго. Хацелася пабачыць Змітра, махнуць яму рукой і сказаць хоць адно слова, каб ён гэта пачуў. Па словах міліцыянераў, якія яны перадалі жонцы, Зміцер нас бачыў. Думаю, што яму будзе вельмі прыемна”.

Руся: “У мяне такое адчуванне, што міліцыянты былі вельмі напалоханыя гэтай невялікай колькасцю людзей, сярод якіх большасць было жанчын. Але нечага яны напалохаліся. І як нам патлумачыла Вольга, Змітра прывезлі, ён нас пабачыў, а потым яго адвезлі назад — каб, крый Божа, нічога не здарылася”.

Нагадаем, чакаецца, што 26 ліпеня Змітру Бандарэнку зробяць аперацыю. У яго — чатыры грыжы дыскаў пазваночніка, ушчамленне трох спіннамазгавых нерваў. У чэрвені стан здароўя Змітра пагоршаў. Яго перавялі ў Рэспубліканскі турэмны шпіталь.

Дарэчы, людзі прыйшлі да шпіталя падрыхтаваныя: мелі з сабой пашпарты і зубныя шчоткі. А таксама іншы мінімум неабходных на Акрэсціна рэчаў. На шчасце, абыйшлася гэта акцыя падтрымкі без затрыманняў.

Затое пад вокнамі шпіталя ў вядомага беларускага музыкі Паўла Аракеляна нарадзілася ідэя, як яшчэ можна падтрымаць зняволеных.

Руся: “Сёння Павел Аракелян прыдумаў такую грамадскую ініцыятыву: зрабіць зварот дзеячаў культуры да ўсяго чалавецтва, ды музыкаў, паэтаў, літаратараў, каб людзі ведалі пра тое, што адбываецца са Змітром. І каб патрабавалі ад дзяржавы нармальнага яго апякунства”.

Ці будуць людзі збірацца каля шпіталя на наступны дзень, на які прызначаная аперацыя Змітра Бандарэнкі, яшчэ не вырашана. Паводле слоў Русі, яны будуць раіцца з гэтай нагоды з яго жонкай — Вольгай. Бо маральная падтрымка — добра, але і нашкодзіць Змітру яны не хочуць. Між тым, ёсць у гэтых неабыякавых людзей і іншыя планы на заўтрашні дзень.

Андрэй Кабанаў: “Заўтра мы плануем падысці на Аранскай,1 — Дэпартамент выканання пакаранняў — і перадаць зварот наконт Ліхавіда. Бо зараз міліцыянеры ўсё робяць для таго, каб зрабіць яму больш жорсткі рэжым. Каб ён не знаходзіўся з астатнімі зняволенымі, бо да яго вялікая ўвага. І яны яго будуць ізаляваць. Ізаляцыя адбываецца наступным чынам: спачатку штрафныя ізалятары, пазбаўленне магчымасці нешта набываць у краме, пазбаўленне як кароткатэрміновых, так і працяглых сустрэч. І ўсё вядзецца да таго, каб яго ў памяшканне камернага тыпу перавесці”.

Што ж тычыцца сённяшняй акцыя пад вокнамі шпіталя, то яна мусіць атрымаць нечаканы працяг: Руся і Андрэй Кабанаў здабылі тэлефоны лекараў, якія будуць рабіць аперацыю Змітру Бандарэнку. Сёння яны мусяць з імі сустрэцца і абмеркаваць, якая дапамога ім патрэбна. Можа — лекі, можа — кансультацыі іншых спецыялістаў.

Згодна са словамі Русі, іх з Кабанавым ініцыятыўны тандэм не азначае з’яўлення ў Беларусі новай грамадскай ініцыятывы. Проста — сабраліся неабыякавыя да чужой бяды людзі.

Руся: “Я не ведаю, ці нешта тут нарадзілася — я проста заклікаю неабыякавых людзей нешта рабіць. Калі ёсць у вас час і магчымасці — трэба яднацца, падтрымліваць людзей. Бо гэтая чалавечая салідарнасць — часам самае важнае для чалавека, які апынуўся ў бядзе. І калі ў вас ёсць нейкія магчымасці распаўсюджваць інфармацыю — калі ласка, распаўсюджвайце яе. Можна, да прыкладу, падыходзіць да бабулек у парках і паказваць відэа затрыманняў з акцый на ноўтбуках”.

Дарэчы, вопыт такой “адукацыі” ў Андрэя Кабанава ўжо ёсць. І, магчыма, гэта стане чарговай акцыяй гэтай групы неабыякавых людзей.