Станіслаў Шушкевіч: “Я разумеў, што гэта дзяржаўны пераварот”

У дні жнівенскага путчу 1991 г. Станіслаў Шушкевіч займаў пасаду першага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савета БССР.

Шушкевіч: «Я сеў у свае “жыгулі”, бо быў на дачы, прыехаў у Вярхоўны савет, я быў тады першым намесьнікам, пайшоў да Дземянцея, старшыні ВС і сказаў, што трэба зьбіраць нам сэсыю, і вы маеце на гэта права, і біце, калі ласка, так сказаць, у звон. Трэба зьбіраць дэпутатаў, бо падзеі дрэнныя. Гэта адназначна было, бо я ведаў, хто такі Янаеў, таму што больш агіднай постаці не было. Яго цягнуў за вушы Гарбачоў, таму што гэта толькі яму ўдавалася з добрым людзьмі кансультавацца, дык ён рабіў добрыя справы. А гэтага абібока, якога ён цягнуў у віцэ-прэзыдэнты, гэта ж было зразумела зусім, што гэта ня той чалавек, што гэта хлюст. Ён нават, калі я яго запытаўся як народны дэпутат СССР у крамлёўскай залі, якая тэма вашай кандыдацкай дысэртацыі, дык ён ня мог адказаць на гэтай пытаньне. Было зразумела, што ня ён яе рабіў, што з тых, каму ўсё рабілі. Таму такі чалавек на чале, для мяне гэта азначала, што гэта вельмі дрэнная падзея, гэта здрадніцтва, гэта адступленьне ад тых прынцыпаў, да якіх мы імкнуліся ісьці. Тут у мяне не было ніякага сумневу, я быў абсалютна перакананы, і акрамя таго, я яшчэ ведаў пэўных там асоб у гэтым ГКЧП, і даверу яны ў мяне не выклікалі ніякага – Старадубцаў, напрыклад. І таму я разумеў, што гэта здрада нашым прынцыпам, гэта дзяржаўны пераварот.

Мяне пачаў супакойваць Дземянцей, што вось я званіў толькі што ў Маскву, усё нармальна, ніякіх страшных падзей няма, з Лук’янавым я гаварыў, ён мне сказаў, што ўсё абсалютна нармальна, усё добра. Ну я зразумеў, што нічога ня зробіш.

Пасьля там зьявіўся Зянон Станіслававіч Пазьняк, іншыя дэпутаты. Але сэсіі Дземянцей не зьбіраў, і нашыя патрабаваньні выкананыя не былі».