«Паліцыянты казалі, што перададуць мужа Лукашэнку»

Польскія паліцыянты надзелі на беларускага палітуцекача наручнікі і абяцалі выдаць яго на радзіму.

На польска-ўкраінскай мяжы быў затрыманы беларускі палітуцякач Зміцер Піменаў. Жонка затрыманага распавяла Еўрарадыё, як адбывалася затрыманне яе мужа польскімі памежнікамі і перадача яго мясцовым паліцыянтам.

Еўрарадыё: Што здарылася з вашым мужам, палітычным уцекачом, які мае жэнеўскі пашпарт, на польска-украінскай мяжы?

Кацярына Піменава: Адразу памежнікі нічога не сказалі, забралі абодва пашпарты, праз паўгадзіны мой пашпарт прынеслі, а пашпарт мужа пакінулі, і яго самога забралі. І нічога не казалі. Ён мне распавёў, што зранку ў яго запыталіся, ці ведае ён, што яго шукае інтэрпол. Ён адказаў, што ведае. А яны сказалі, што павінны затрымаць, бо ён у вышуку.

Еўрарадыё: Ці казалі памежнікі, што перададуць вашага мужа Беларусі?

Кацярына Піменава: Памежнікі нічога не казалі, а ў тых, што прыехалі яго забіраць, ён запытаўся, ці перададуць. Тыя адказалі, маўляў, Лукашэнка сказаў, што ты бандыт, і ты павінен сядзець дома. Так яму сказаў адзін з паліцыянтаў: чаму ты не хочаш на радзіму? Зміцер патлумачыў, што ён палітычны ўцякач. Але яны асабліва не цікавіліся. Сказалі, што, паводле закона, павінны надзець наручнікі на яго. І павезлі.

Нагадаем, што Піменаў быў вымушаны ўцячы з Беларусі некалькі гадоў таму. У Беларусі на яго пачалі крымінальную справу: віцябляніна падазравалі ў тым, што з яго дапамогай у Віцебску быў скрадзены бюст Суворава. Беларускія праваахоўнікі ў 2008 годзе падалі на Піменава запыт у Інтэрпол: яго абвінавацілі ў хуліганстве і вандалізме. Як казаў сам Піменаў у каментарах СМІ, яго пра гэта папярэдзілі французскія праваахоўнікі, якія разумелі, што справа мае палітычны характар. Піменаву, аднак, не пагражаў арышт, пакуль ён знаходзіўся на тэрыторыі Бельгіі.

У эміграцыі Піменаў не спыняў актыўнага грамадскага жыцця і неаднаразова ладзіў акцыі каля Еўрапарламенту, звяртаючы ўвагу на беларускія праблемы.