Сяргей Казакоў: “Слабых там няма”

У інтэрвію прэс-службе кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Сяргей распавёў пра жыццё палітвязня за кратамі.

Актывіст кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Сяргей Казакоў быў асуджаны на тры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у мірнай дэманстрацыі 19 снежня 2010 года. Сваё 19-годдзе Сяргей сустрэў у турме. 11 жніўня БЕЛТА апублікавала паведамленне: “Президент Беларуси также помиловал, освободив от отбывания наказания, 9 человек из числа активных участников массовых беспорядков на площади Независимости 19 декабря 2010 года”. У іх ліку аказаўся і Сяргей Казакоў.

Як хутка ты прыйшоў у сябе? Што зрабіў першай справай?

-На нейкую доўгую “акліматызацыю” ў мяне не было часу, хапае спраў. Мяне ў суботу адпусцілі, а ў нядзелю раніцай я ўжо быў на першай рэпетыцыі. Гэта і была мая першая справа. Зараз у асноўным сустракаюся з тымі, каго я даўно не бачыў. Аказалася, што шмат якія людзі мяне чакалі тут, нешта рабілі ў маю адсутнасць для мяне – дапамагалі маці, блізкім. Я ад многіх нават не чакаў, таму зараз хачу як мінімум іх усіх пабачыць і сказаць “дзякуй”.

Упрынцыпе, я ужо адчуваю, што прыйшоў у сябе, што я зноў вольны чалавек. Адзінае, да чаго дагэтуль не магу прывыкнуць – гэта мая знешнасць.

Табе абрэзалі валасы ў турме?

-Так, пагалілі мяне на Валадарцы. Афіцыйна – да суда фрызура не мае значэння, але ёсць такое неафіцыйнае патрабаванне ў адміністрацыі, што даўгія валасы, асабліва такія даўгія, як былі ў мяне, мусяць абрэзаць. Скажу, што і гігіена спрыяе, бо за які тыдзень падхапіць вошак – запраста. Больш за тое, там ўсё ж ёсць свае мясцовыя “паняткі”.

Расціў валасы з 13 год, перыядычна падразаючы, вядома. А зараз і ня ведаю, ці хопіць у мяне на гэта цярпення.

Хто і як цябе падтрымліваў, калі ты сядзеў?

-Галоўная падтрымка выражалася ў лістах. Пастаянна мне пісалі як раз людзі, з якімі я мог бачыцца раз на тры месяцы.
Людзі, якія былі са мной побач заўсёды – адін-два лісты напісалі. Але тут я мушу сказаць дзякуй абсалютна ўсім, нават адзін ліст, у якім напісана, што мы пра цябе памятаем, перажываем – гэта, вядома, прыемна і важна. Пісалі людзі, ад якіх не чакаў і тыя, каго я нават ня ведаю. Дзякуй ім.

Прывёз лісты з сабою?

-Не ўсе, але прывёз. Іх было вельмі шмат, мне б было нязручна ехаць з імі па этапу. Паўночы сядзеў частку знічтажаў, каб не пакінуць у турме.

А чаго не хапала? Напрыклад, шмат хто яшчэ сядзіць – іх знаёмыя ламаюць галаву, аб чым напісаць ліст, якой падтрымкі не хапае ў турме?

-У мяне не такі вялікі досвед сядзення ў турме, можа быць, я чагосці ня ведаю. Але мне хапала гэтай падтрымкі, лістоў. Параю проста пісаць лісты – людзям прыемна, што пра іх памятаюць.

Усе, хто сядзеў ці сядзіць кажуць пра “інфармацыйны голад”. Раскажы, як гэта, калі сёння ты можаш цэлы дзень быць анлайн і чытаць навіны ці перапісвацца, а потым аказацца ў чатырох сценах без інфармацыі?

-Самае цяжкае на самым пачатку. Першых двое сутак я сядзеў у РУВД – там увогуле цяжка што-небудзь даведацца. Пасля мяне ўжо перавезлі на Валадарку – у адной камеры я прасядзеў тры дні, а пасля мяне перакінулі ў другую, дзя сядзеў адзін чалавек. Зразумела, хто гэта і навошта ён там сядзеў, таму з ім пагаварыць не было аб чым. Увесь гэты час не было ні тэлевізара, ні газет. Радыё, якога б лепей таксама не было. Усе гэтыя тры тыдні я ня ведаў зусім нічога – што на свабодзе, што з астатнімі, хто сядзіць, каго забіраюць яшчэ? Я ведаў, што гэты працэс ідзе, садзяць, разумеў, што трапіў у іх лік. Але што адбываецца ўвогуле – ня ведаў.

У турме існуе інфармацыйны вакуум. А вось на Зоне ўсе па-іншаму. Чалавек трапляе ў месца, дзе абмежаваныя яго свабода і мажлівасці. І ад гэтага моманту значна абвастраецца адчуванне таго, што адбываецца там, на свабодзе. Чалавек хапаецца за кожную навіну, за любую інфармацыю, распавядае камусці іншаму. Іншы распавядае камусці яшчэ. Таму, пры жаданні, там можна даведацца пра навіны, пра якія і на свабодзе даведацца праблематычна.

Я яшчэ сядзеў у каранціне, не падняўся ў атрад, а там ужо ўсе ведалі – хто я, колькі мне год і за што я сяджу. Гэта сістэма, выпрацаваная гадамі.

Напрыклад, на Валадарцы пра першую акцыю “Стоп-Бензін” даведаўся так: спачатку мне міжкамернай сувязі напісаў анархіст Францкевіч, а пасля я ўжо падыйшоў і ў супрацоўніка праз “кармушку” запытаў. Той мне распавёў, што бачыў сам у падрабязнасцях.

Скажы, як вытрымала твая мама? Бо, нават паглядзеўшы адныя здымкі – да турмы і здымкі з суда… Маме гэта вытрымаць цяжка.

-Мая мама вытрымала. Яна сама казала, што ішла моцная падтрымка – званілі зусім незнаёмыя людзі, падтрымлівалі, дапамагалі праваабарончыя арганізацыі. Яна так і казала – калі б не ўсе яны, ня ведае, што б было. Вядома, маці ня ведае, што рабіць у гэтай сітуацыі, але ёй падказвалі, як дамовіцца з адвакатам, што рабіць з перадачамі, пасылкамі, спатканнямі. Акрамя таго, у мамы ёсць яшчэ двое дзяцей, на якіх яна бавілася ад гэтага.

Ці чакаў ты, што цябе вызваляць?

-Так, я спадзяваўся, што ўвесь тэрмін нам не давядзецца сядзець. Але мяне здзіўляла яшчэ тое, што адбывалася ў краіне за апошнія паўгады – розныя нелагічныя ўчынкі, што страшна было ўвогуле нешта меркаваць. Чакаў вызвалення, але ж не так хутка.

У пятніцу на ўзроўні чутак на Зоне чуў, што дзевяць чалавек памілавалі. Хто гэта, я ня ведаў. Думаў нават, што яны ўжо на волі. А ў суботу раніцай я як нармальны зэк прачнуўся, схадзіў у сталовую, на праверку… А тут да мяне падыходзіць заггас і кажа – збірайся, маўляў, у цябе тут часу засталося да дзевяці гадзін. Я нават не чакаў, што нас будзе хтосьці сустракаць! Я думаў, што гэта для ўсіх нейкая вельмі нечаканая раптоўная навіна. Таму калі выйшаў з вагона, быў шакаваны такой “дэлегацыяй”.

Ну а як ставіліся сукамернікі? Кажуць пра такое, што людзі здіўляюцца, калі чуюць пра палітычную справу, маўляў, табе больш не было чым займацца.

-Так кажуць або тыя, хто лічыць сябе самым разумным, або тыя, каму зусім паралельна на тую палітыку, у асноўным гэта людзі з вёсак ці нават хутароў. Вось тыды яны не разумеюць, як можна сядзець за тое, што табе проста штосьці не падабаецца. Астатнія людзі, якія сядзяць на Зоне – далёка ад вобразаў, якія ўвасабляюць у кіно. Сядзіць вельмі шмат адукаваных людзей, тых, хто проста можа думаць. І не абавязкова ўсе яны злачынцы – уся наша сістэма скіравана на тое, каб кагосьці пасадзіць. Гэта культурныя і разумныя людзі, асабліва шмат камерсантаў, якія трапляюць за эканамічныя парушэнні. Сёння такіх злачынцаў можна знайсці паўсюль, але глупа даваць чалавеку 6-7 год толькі за тое, што ён хацеў проста зарабіць, пры гэтым даючы працу і іншым.

Стаўленне, асабліва на Валадарцы, было пазітыўным – усе разумелі за што я іду, падтрымлівалі і казалі “малайца”. Ціску з боку асуджаных не адчуваў. Магу сказаць, што ў моладзі там жыццё не самае лёгкае, але ў мяне з гэтага боку ўсё было добра. У колькіх камерах я сядзеў, ехаў па этапу, сядзеў у каранціне – прыхільнікаў рэжыму не сустракаў нідзе. Пафігісты – так, былі. Многія казалі пра Плошчу – я б з табой пайшоў, але на той момант ужо сядзеў. І гэта мяне моцна здзівіла.

Чым займаюцца, пра што думаюць у турме?

-Залежыць ад самаго чалавека. Людзі не моцна далёкія трапляюць у гэты свет, чапляюць гэтую рамантыку ды пачынаюць займацца фігнёй – сядзець і піць чыфір, пяліцца ў тэлевізар і проста тупа бавіць час. А ў астатнім чалавек ад самага пачатку абірае сабе справу, каб жыццё там было руцінай і час ішоў хутка. Там можна заняцца справамі, на якія на свабодзе ў цябе ніколі не хапала часу: чытаць кнігі, займацца спортам, шмат хто пачынае вучыць мовы. Пры мне сядзеў адзін баксёр, здаровы дзядзька, які ўсё жыцьцё толькі гэтым і займаўся, але ён за два гады навучыўся граць на гітары так, што не кожны тут зможа. Чалавек проста паставіў сабе мэту.
Я там шмат думаў над тым, як можна жыць далей, як можна нешта змяніць. Для мяне гэты час не прайшоў дарма. Я навучыўся разбірацца ў людзях.

Цябе не было паўгады. А што змянілася тут?

-Усё. Я быццам вярнуўся ў іншы горад. Калі я з’язджаў – большая частка людзей была апалітычнай. Цяпер гэтыя размовы на кожным кроку. Такога ніколі не было – людзі ідуць міма і размовы ва ўсх пра адно. Людзі варушацца і пачынаюць разумець дзе і як яны жывуць. Гэтае напружанне расце. Першай справай я пайшоў у крамы паглядзець на кошты. У газеце я чытаў, але хацеў пабачыць на свае вочы! І я ня ведаю, што трэба людзям яшчэ, каб пачаць нешта рабіць і змяняць.

Што б ты сказаў тым, хто яшчэ сядзіць?

-Спадзяюся, што мы хутка пабачымся тут. Я думаю, што яны змогуць патрываць, яны людзі моцныя – слабых там няма.

Пры якіх умовах ты пісаў прашэнне аб памілаванні?

-Кожны, хто пісаў прашэнне аб памілаванні ў Бабруйску, пісаў у розных сітуацыях. Гэта было не прастое рашэнне, падрабязнасці распавядаць не буду. Хаця, спачатку, вядома, я усім казаў, што ні пры якіх умовах і аставінах такога рабіць не буду. Ведаеш, мяркуючы па тым, як усё адбывалася – за гэтыя паперкі яны былі гатовыя горла перагрызці. Думаю, іх саміх ставілі ва ўмовы. І нават было ня важна ў якой форме гэта будзе напісана. Я чытаў пра памілаванне ў Крымінальны кодэксе – у чалавека мусяць быць нейкія важныя аабставіны: шматдзетны бацька, ветэран, цяжкі стан здароўя. Ні ў аднаго з памілаваных не было ні адной з такіх умоў. Памілаваць нас было практычна немагчыма, тым больш, пры той форме, ў якой мы напісалі гэтыя паперы. У звычайных абставінах гэтая паперка нават не прайшла б па інстанцыях, яе б не выпусцілі з Зоны. Але гэтая паперка літаральна за тыдзень прайшла ўсе інстанцыі, што таксама цяжка ўявіць. Яшчэ, такіх сядзельцаў там баяцца, калі хтосці з палітычных з’яўляецца, такое адчуванне, што адміністрацыя Зоны моліцца, каб іх хутчэй выпусцілі.

Наколькі гэтыя паўгады за кратамі зламалі лінію твайго жыцця і твае планы?

-Гэтыя паўгады не тое, каб зламалі мае планы на будучыню, яны пабудавалі гэтыя планы. Там у мяне быў час думаць. Наконт майго актывісцкага жыцця – на Валадарцы я першы тыдзень сядзеў і думаў, вось, калі зараз мяне вупусцяць, то больш я нікуды не сунуся. Чым болей я сядзеў, ты болей я разумеў, што зраблю ў выніку наадварот. Наконт асабістага жыцця – буду вучыцца, працягваць займацца музыкай. Маё захапленне музыкай – гэта тое, чаго там сапраўды не хапала.