Саннікаў лічыць, што размаўляць з Лукашэнкам няма пра што
Кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саннікаў не прызнае патрабаванні Эўразьвязу аб вызваленні палітвязняў дзеля далейшых перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам.
Ірына Халіп — жонка палітвязня, кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саннікава — вярнулася ў Менск з Наваполацкай калёніі, дзе мела доўгатэрміновае спатканне з мужам. Яна кажа, што Андрэй Саннікаў выглядае добра, наколькі гэта магчыма ва ўмовах турмы, якая месціцца паміж двума нафтаперапрацоўчымі прадпрыемствамі. Ён таксама адмоўна ставіцца да патрабаванняў Эўразьвязу вызваліць палітвязняў, паведаміла Ірына Халіп:
«Ён абсалютна адмоўна ставіцца нават да самой ідэі якіх бы там ні было перамоваў. Хіба што наконт перадачы ўлады. А ўвогуле ён кажа, што не прызнае патрабаванняў Эўразьвязу вызваліць палітзняволеных, каб пачаць размаўляць. Ён кажа: як размаўляць? Пра што? Лукашэнка сам пасадзіў невінаватых людзей, затым сваёй воляй адпусціў, і што — гэтым ён сябе легітымізуе? Ён стане законна абраным і Захад будзе з ім размаўляць? Нельга размаўляць з гэтым чалавекам — толькі пасля змены ўлады можна будзе размаўляць».