Правядзенне Народных сходаў будзе прадоўжана
Ініцыятыва правядзення Народных сходаў будзе прадоўжана, заявіў сустаршыня аргкамітэта па правядзенні акцыі Генадзь Фядыніч 10 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Паводле яго слоў, сходы прайшлі ў 10 гарадах. «Практычна ўсюды ішоў дождж, што зменшыла колькасць удзельнікаў акцыі. Але пра правал сходаў гаварыць нельга. Ніколі раней у столькіх гарадах у адзін час не праходзілі такія акцыі», — адзначыў Фядыніч. Пры гэтым ён падкрэсліў, што удзельнікі — «гэта не палітычныя партыі, а грамадзянская ініцыятыва».
Паводле слоў Федыніча, «прэвентыўныя меры ўладамі былі шырока разгорнуты».
«Стварылася ўражанне, што ўлада вельмі баялася сходаў»,— заявіў ён.
«Правядзенне Народных сходаў прадоўжыцца, грамадства павінна мець пляцоўку для дыялогу. Перашкаджаючы правядзенню акцыі, улады парушылі закон аб мясцовых сходах», — сказаў Фядыніч. Пры гэтым ён падкрэсліў, што людзей, якія падтрымліваюць акцыю, значна больш, чым прыйшло на мерапрыемства 8 кастрычніка.
Фядыніч паведаміў, што найбліжэйшым часам аргкамітэт абмяркуе стратэгію далейшых дзеянняў.
Акрамя таго, паведаміў ён, 12 кастрычніка ва ўрад і Адміністрацыю прэзідэнта будуць перададзены агульныя патрабаванні ўдзельнікаў Народнага сходу з розных гарадоў.