Адміністрацыя калоніі зацікавілася здароўем Змітра Бандарэнкі

Палітвязень пакуль не ведае, чым абавязаны такой нечаканай увазе.

Палітзняволены Зміцер Бандарэнка даслаў з магілёўскай турмы адразу чатыры лісты, у якіх паведамляе, што адміністрацыя разам з лекарамі турэмнага шпіталя пачалі надзвычай цікавіцца станам ягонага здароўя, паведаміла «Свабодзе» жонка Вольга Бандарэнка:

«Піша, што апошнім часам адміністрацыя калёніі і мэдыкі настойліва распытваюць пра стан ягонага здароўя. Ён кажа, што пяць месяцаў пасля апэрацыі ня тое што не цікавіліся і не дапамагалі, а рабілі ўсё горш — і цяжкасці цягаў, і па лесвіцах хадзіў — наадварот, толькі пагаршалі становішча. А цяпер рэкамэндуюць садзіцца і г.д. Кажа, што ня ведае, з чым гэта звязана».

Кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саннікаў працягвае адбываць карантын у камэры-адзіночцы бабруйскай турмы. Днямі яго наведаў адвакат, праз якога палітвязень прасіў перадаваць яму болей літаратуры, паведаміла «Свабодзе» жонка Ірына Халіп: «Да яго даходзяць газэты, ён атрымлівае лісты, якія яго вельмі падтрымліваюць. І яшчэ ён прасіў дасылаць часопісы, кнігі, і вось я зараз дасылаю. Бо разумею, што сядзець у чатырох сценах увесь час — гэта можна з глузду з’ехаць з-за таго, што нічога не змяняецца і няма чаго рабіць».