Вянок памяці: Томас Якавіцкі

25 верасьня ў Магілёве пахавалі актывіста грамадзянскай кампанii «Эўрапейская Беларусь» Томаса Якавіцкага.

Да свайго пяцідзесяцігодзьдзя Томас не дажыў месяц. У труне разам зь нябожчыкам ляжала бэйсболка з Пагоняю, паведамляе «Радыё Свабода».

Томас жыў непрыкметным для грамадзтва жыцьцём, але дапамагаў усім, хто меў у гэтым патрэбу. Калі ў праваабаронцы Крысьціны Шацікавай дыягнаставалі анкалягічную хваробу, да сьмерці актывісткі Томас апекаваўся ёю. На ўласным аўта вазіў на працэдуры. Праводзіць у апошні шлях Томаса прыйшла маці Крысьціны Шацікавай.

«Крысьціне было дужа кепска, а ў нашых сваякоў былі, напэўна, дужа пільныя справы, і ніхто не адгукнуўся нам дапамагчы. А Томас, незаможны чалавек, колькі разоў вазіў дачку з Магілёва ў Бараўляны. Было такое, што патрэбная была машына ўначы, і ён прыяжджаў. Пакуль Томас дапамагаў нам, мы зь ім зрадніліся. Для нас сыход Томаса вялікая страта. Памёр харошы чалавек. Я буду маліцца па ім, каб у іншым сьвеце яму было лепей, чым на гэтым», — казала Сьвятлана Шацікава.

Быў адным з арганізатараў салютаў дзеля падтрымкі нявольнікаў магілёўскай калёніі Андрэя Саньнікава ды Зьмітра Бандарэнкі. Быў удзельнікам акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 верасьня 2010 году.

Нарадзіўся Томас Якавіцкі ў Магілёве 25 кастрычніка 1966 году ў сям’і патомных заўзятараў мотаспорту. Томас, як ягоныя бацька ды дзед, быў захоплены тэхнікай і мотаспортам, адзначае першы ягоны трэнэр па картынгу, а цяпер інструктар-мэтадыст па мотаспорце, судзьдзя рэспубліканскай катэгорыі Віктар Бланко. Віктар Міхайлавіч таксама прыйшоў правесьці свайго гадаванца ў апошні шлях.

«Усе Якавіцкія — выдатныя гоншчыкі, мэханікі. Цяпер пайшло іншае пакаленьне. Праехаць яны гатовыя, а рамантаваць тэхніку — няхай іншыя. Томас быў з таго пакаленьня гоншчыкаў, якое любіла працаваць з тэхнікай. Усё сваё жыцьцё ён быў зьвязаны з аўтамабільным транспартам. Рамантаваў машыны. Ягоны рамонт быў выдатнай якасьці», — кажа пра Томаса Віктар Бланко.

«У яго не было пахмурнага настрою. Гэта быў пазытыўны чалавек, — працягвае Віктар Міхайлавіч. — За многія гады знаёмства зь ім я ні разу не прыкмеціў нэгатыву ў яго. Томас пасталеў, у яго зьявілася сівізна, але ягоная дабрадушная ўсьмешка засталася зь дзяцінства. Яна была ягоным почыркам».

Праводзілі Томаса родныя, ягоныя сябры, суседзі. Апошні спачын Томас Якавіцкі знайшоў на Паўднёва-ўсходніх могілках Магілёва.