Алена Церашкова: У лекараў для вас кепская навіна

«Дрот» пад токам. Працягнеце руку – вінаватыя будзеце самі.

Я вельмі люблю парады: хлопцы тупаюць, танкі равуць, самалёты пускаюць дым! Дзяўчаты пірамідку будуюць. Валанцёры мітусяцца. Палова краіны робіць вялікую супольную справу, другая палова прынікла да экранаў: вунь там Васенька ў сініх шорціках з ракеткай. Васенька, памахай маме ручкай. А Коленьку на парад не ўзялі – ёсць пра што пагаварыць.

Але сёлета я на парад не пайду. З майго боку гэта было б безадказна: як лекар, я ведаю, чаго каштуюць масавыя мерапрыемствы ў часы эпідэмій. А вы?

Я ведаю адну катэгорыю грамадзян, якія не могуць не пайсці на парад. Мы ім звонім па тэлефонах 101-102-103. Вось у іх – абавязак: стаяць ля гэтага слупа ад і да, і, калі нешта пайшло не так – ратаваць ці папярэджваць рызыкі.

Ёсць група грамадзян, якія сёння не могуць развярнуцца і пайсці, куды захочуць, альбо не пайсці, куды неахвота – ваенаслужачыя тэрміновай службы. Для таго, каб ім не пайсці на парад, трэба праявіць цвёрдую пазіцыю, актыўнасць ці хітрасць, рызыкаваць поўхай ад сяржанта і парай пазачарговых нарадаў ад старшыны, у скрайне цяжкіх выпадках можна нават аказацца ў іншай частцы ці пацярпець ад калектыўнага выхавання. Такі гіпатэтычны кошт за адмову прайсці ў калоне перад трыбунай (заўважце: з войска не пагоняць і пад трыбунал не сашлюць!)

Але вернемся да свабодных дзеяздольных грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія выюць у інтэрнэтах, што іх гоняць на парад. Тры простыя кейсы, якія дазволяць вам убачыць святло ў канцы тунэля.

Кейс першы.

Уявіце сабе, што вы ў паламаным ліфце. Альбо ў вас прарвала трубу каналізацыі, і вы поўзаеце з тазікам і анучай. Альбо вы ў лякарні з дзіцём. Ці ў алкагольнай коме. Непрыемная сітуацыя, з якой вы не паспелі на парад. Парад адменіцца? Калі вы не самі ведаеце хто, дык не. Ваш начальнік застрэліцца? Тое, што вы зараз падумалі, на вашым сумленні. Вас звольняць? Не! Нават калі вы штогод будзеце сустракаць парад у ліфце. Бо ў вас – паважная прычына. Форсмажор, калі жадаеце. Скажыце, а меры, неабходныя, каб захаваць здароўе – сваё, дзяцей, сваякоў, калег, суседзяў – гэта не дастаткова паважная прычына? А нябачны і некантралюемы вамі вірус, які забярэ ў вас 10 год жыцця (ці рэшту, якая ў вас засталася) і падорыць вечную віну за тых, каго вы, несвядома, але непазбежна, заразіце пасля – не ёсць форсмажорам?

Кейс другі.

Успомніце выпадкі звальненняў сярод вашых калег і знаёмых. Уявіце сабе ўсіх тых, каго звольнілі за тое, што не сышліся характарамі з кіраўніцтвам. За грубае парушэнне працоўнай дысцыпліны. Таму, што спатрэбілася вакансія. Па скарачэнні. Патрэбнае ўпісаць. Слухайце, а калі б ён\яна пайшоў, рызыкуючы захварэць, на заўтрашні парад, яго б не звольнілі? Гэта на штосьці паўплывала бы? Будзем шчырымі: не. Прынцыповы ці бесхрыбетны, геній ці нездар, адзіны-апошні-ўнікальны ці адзін з многіх – паляціш далей, чым бачыш, і ніякі прагін залічаны не будзе: дыктатура не бывае ўдзячнай.

Кейс трэці.

Што вы скажаце чалавеку, які збіраецца ўзяцца рукой за аголены дрот, не ведаючы, ці дрот пад токам? Вы спыніце яго. А калі ён прывядзе аргумент «а раптам мяне звольняць\пазбавяць прэміі\не дадуць налета пакой у інтэрнаце\прымусяць пайсці на платную адпрацоўку?» Вы спытаеце ў яго: «Ты што, дурны? Якая табе будзе розніца пасля смерці? Спачатку пераканайся, што дрот адключаны».

Дык вось, у лекараў для вас кепская навіна: «дрот» пад токам. Працягнеце руку – вінаватыя будзеце самі. Не перакладвайце адказнасць за сваё жыццё на дыктатуру. Выбар за вамі, сёння – і заўжды.

Алена Церашкова