Палякі прапануюць востра асудзіць Расею за атаку на Грузію

Польскія палітыкі перад заўтрашнім самітам Эўразьвязу мяркуюць, што неабходна востра рэагаваць на дзеяньні Расеі ў Грузіі. Дэпутат Права й справядлівасьці Павал Коваль гаворыць, што трэба рэагаваць такім чынам, каб падобныя падзеі не паўтарыліся.

П. Коваль: Гэта пытаньне не санкцыяў, а пытаньне дзяржаўнага інтарэсу Польшчы. Рэакцыя павінна быць і адносна Грузіі – ёй патрэбная дапамога, і адносна Расеі – трэба асудзіць яе. Рэакцыя павінна быць рашучая, каб такія падзеі не паўтарыліся. Тыя, хто сёньня ня ўпэўнены, як рэагаваць на дзеяньні Расеі, павінен задаць сабе пытаньне – ці яны згодныя, каб стратэгічны партнэр Эўразьвязу бамбардаваў і акупаваў суседа.

На думку палітыка Грамадзянскай плятформы Зьбігнева Хлябоўскага, Эўразьвяз павінен рэагаваць востра.

З. Хлябоўскі: Па-першае, асуджэньне ваенных дзеяньняў Расеі ў Грузіі, па-другое, патрабаваньне неадкладна распачаць рэалізацыю пляну прэзыдэнта Францыі, па-трэцяе, адмовіцца ад прызнаньня незалежнасьці Абхазіі й Паўднёвай Асэтыі. Апрача гэтага, Эўропа павінна аказаць гуманітарную дапамогу Грузіі ў адбудове краіны.

На саміце Эўразьвязу, прысьвечаным Грузіі, Польшчу будуць прадстаўляць прэзыдэнт, прэм’ер-міністар і міністар замежных спраў. Пазыцыю польскага ўраду прадставіць прэзыдэнт Лех Качыньскі.