У Польшчы адзначаць Дзень беларускай вайсковай славы

8 верасня ў Варшаве адбудзецца шэсце ў гонар беларускай перамогі ў бітве пад Оршай. Арганізатарам мерапрыемства выступае аб'яднанне "Беларуская Нацыянальная Памяць".

“З 2006 года мы арганізоўваем у гэты дзень шэсце, якім хочам паказаць, што памятаем і ганарымся славутымі ваярамі Вялікага Княства Літоўскага, якія праз усю гісторыю існавання нашага краю годна баранілі гонар сваёй Айчыны. Зараз нашая задача — памятаць мінулае, быць моцнымі, змагацца, працаваць і будаваць незалежную Беларусь”, — сказаў Еўрарадыё арганізатар шэсця Анатоль Міхнавец.

Удзельнікі мерапрыемства збяруцца а 17 гадзіне каля помніка Шарлю дэ Голю, што ў самым цэнтры сталіцы. Адтуль яны праз увесь цэнтр пройдуць шэсцем да памятнай шыльды на месцы гібелі генерала Станіслава Булак-Булаховіча.

Арганізатары заклікаюць прыходзіць на мерапрыемства з нацыянальнай сімволікай.