Беларусь – не Егіпет. Але…

Вонкавае падабенства падзеяў, што разгортваюцца цяпер у арабскім свеце, паняволі падштурхоўвае да правядзенне аналогіяў паміж імі і тым, што адбылося на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.

Пасля звяржэння кіроўных рэжымаў у Тунісе і Егіпце паўстанні на Блізкім Усходзе працягваюцца. Канец мінулага тыдня быў адзначаны новымі пратэстамі рознай ступені інтэнсіўнасці – у Алжыры, Бахрэйне, Іярданіі, Емене, Лівіі, Кувейце, Марока.

Вонкавае падабенства падзеяў, што разгортваюцца цяпер у арабскім свеце, паняволі падштурхоўвае да правядзенне аналогіяў паміж імі і тым, што адбылося на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Зразумела, не з нейкай абстрактнай цікавасці, а для таго, каб зразумець, наколькі рэальнае рэпрадукаванне такой рэвалюцыйнай сітуацыі ў нашай краіне.

Чыннікі рэвалюцыяў на Блізкім Усходзе

Відавочна, што гэтая праблема выклікае турботу і ў беларускага кіраўніцтва. Не выпадкова такую значную ўвагу надаў блізкаўсходнім крызісам Аляксандр Лукашэнка.
Нагадаем, 19 лютага ў Раўбічах ён заявіў пра неабходнасць атрымаць урокі з падзеяў у Егіпце і Тунісе: «Мы яшчэ будзем усё гэта назіраць: ад гэтай тунісізацыі і каірызацыі ды іншай ревізацыі мір яшчэ здрыганецца і не адзін раз».

Яшчэ праз два дні, падчас наведвання другой інжынернай брыгады Узброеных сілаў, ён зноў вярнуўся да той жа тэмы: «Вазьміце Егіпет з 80-мільённым насельніцтвам. Што, тамака 80 мільёнаў чалавек паўсталі? Мільёна не было, называлі лічбу каля 100 тысячаў чалавек. Нават калі 100 тысячаў – у адносінах да 80-мільённага Егіпту гэта які адсотак? – перавярнулі краіну і сітуацыю тамака».

Для адказу на згаданае пытанне трэба ацаніць, у якой ступені для Беларусі ёсць характэрнымі чыннікі, што ляжалі ў аснове блізкаўсходніх узрушанняў. У самім агульным выглядзе яны могуць быць вызначаныя як сацыяльна-эканамічныя, нацыянальныя, рэлігійныя і палітычныя.

Зразумела, яны дзеюць у сукупнасці, аднак пры гэтым у кожным выпадку ўдзельная вага іх розная.
Ёсць пагрозы, агульныя для амаль усіх краінаў, – гэта цяжкія сацыяльна-эканамічныя ўмовы: высокі ўзровень беспрацоўя, асабліва сярод моладзі, вялікая інфляцыя, рост коштаў на харчы і паліва, дэфіцыт жыццёва важных паслугаў. Таму практычна ўсюды галоўным патрабаваннем было паляпшэнне ўмоваў жыцця большасці насельніцтва.

Акрамя таго, у Егіпце, Алжыры і Емене сітуацыю істотна пагоршылі намеры лідараў ажыццявіць незаконную пераемнасць улады. У Кувейце людзі без грамадзянства, якіх у краіне налічваецца каля 100 тысячаў, патрабавалі доступу да медыцынскага абслугоўвання і адукацыі.

У Бахрэйне шыіцкая большасць выступіла супраць прыгнёту з боку суніцкай меншасці. Наадварот, у Іярданіі стасункі з ісламістамі, што ў апазіцыі, адносна нядрэнныя: там яны фактычна могуць браць удзел у дзейнасці палітычнай сістэмы, хоць і не ў той ступані, як яны б жадалі.

Рэвалюцыі згубленых надзеяў

Пры ўсіх лакальных асаблівасцях можна зрабіць агульную выснову: вялікая частка насельніцтва гэтых краінаў ужо згубіла надзею, што патрабаванні лепшага жыцця могуць быць задаволеныя без сыходу абрыдлых кіраўнікоў, і паспрабавала гэты працэс фарсіраваць. А як у гэтым плане выглядае беларуская сітуацыя? Як уяўляецца, можна адразу ж адкінуць міжнацыянальныя і канфесійныя звады, якія, да шчасця, тут цалкам адсутнічаюць і ў перспектыве не праглядаюцца.

У выніку застаюцца эканоміка і палітыка. Як вядома, усё пазнаецца ў параўнанні, таму прывядзем некаторыя звесткі па Егіпце. Паводле статыстыкі, у 2010 г. краіна вырабляла на душу насельніцтва 10 кг пшаніцы, 7 кг кукурузы і 6 кг рысу на месяц і была змушаная імпартаваць практычна ўсе выгляды харчовых прадуктаў, у тым ліку збожжавыя, мяса, рыбу, малочныя прадукты і нават гарбату ды цукар. Леташнія неспрыяльныя ўмовы надвор’я і высокі кошт энергарэсурсаў прывялі да росту коштаў на харчы, таму для большай часткі насельніцтва краіны, якая зарабляе менш за чатыры даляры на дзень, гэта азначала катастрофу.

Урад Мубарака не змог таксама справіцца з праблемаю хранічнага беспрацоўя: лічба беспрацоўных складае 7-8 млн чалавек або 8-11% працаздольнага насельніцтва краіны.

Народнае абурэнне і яго ўрокі

Думаецца, няма патрэбы даводзіць, што на сённяшні дзень аналагічныя паказнікі ў Беларусі істотна лепшыя.
У палітычным сэнсе для афіцыйнага Мінску таксама не бачна нейкіх адмысловых праблемаў. У параўнанні з савецкімі часамі жыхары краіны маюць нашмат больш асабістых свабодаў: магчымасць выехаць за мяжу, чытаць любую літаратуру, слухаць любую музыку і глядзець любыя фільмы.

Пры ўсіх існых складанасцях можна ўсё ж займацца бізнесам. Што ж тычыцца правоў чалавека і грамадзянскіх свабодаў – слова, мітынгаў і дэманстрацый, сумленных выбараў – дык іх недахоп асноўную масу насельніцтва не надта хвалюе. Тых жа, для каго гэтыя каштоўнасці важныя, як выявілася 19 снежня, пакуль відавочна не дастаткова.

Такім чынам, калі разважаць лагічна, у нашай краіне рэальна не праглядаюцца чыннікі, якія прывялі да цяперашніх арабскіх рэвалюцыяў. Усё нібыта выдатна, і ў беларускіх уладаў не мусіць быць ані найменшых падставаў для трывогі.

Разам з тым, нельга не адзначыць, што ўсе прыведзеныя вышэй тлумачэнні «арабскага бунту» даюцца мінулаю датаю, ужо пасля таго, як падзеі пачалі разгортвацца ў шырокіх маштабах. А яшчэ за тыдзень да таго ніхто з спецыялістаў па Блізкім Усходзе не прадказваў нічога падобнага, хоць усе фактары незадаволенасці і тады былі ў наяўнасці.

Адсюль вынікае, што падзеі такога кшталут далёка не заўсёды пачынаюцца і развіваюцца ў адпаведнасці з фармальнаю логікаю. Народнае абурэнне ёсць шмат у чым рэч ірацыянальная і, адпаведна, непрадказальная. Так што сцвярджаць, што ў агляднай будучыні ў Беларусі нічога падобнага не адбудзецца, было б, бадай што, залішне неразважліва.

Гэта значыць, што блізкаўсходні ўрок палягае ў тым, што калі не адкрываць палітычную сістэму, дык раней ці пазней рэжым усё роўна паваліцца. Іншая рэч, што змена ўлады зусім не абавязкова азначае пераход да дэмакратыі ды хуткае павышэнне ўзроўню жыцця.

Дарэчы, якраз у арабскім свеце ўсталяванне дэмакратыі заходняга ўзору падаецца малаімаверным.

У святле гэтага зусім не ясна, у які бок хіснецца грамадская думка, калі выявіцца, што сацыяльна-эканамічная сітуацыя для пераважнай большасці не змянілася да лепшага. Каб гэтага не адбылося, апанентам дзейснай улады трэба быць у пастаяннай гатоўнасці да такога павароту падзеяў. Інакш нечаканая перамога можа лёгка апынуцца піравай.