«У Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!»

Шэраг вядомых беларускіх арганізацый і даследчых інстытутаў аб’ядналі свае намаганні ў межах кааліцыі «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!».

У тым ліку сярод беларускіх партнёраў: Асаблея НДА, Кансорцыўм Беларусь, Рух “За свабоду”, “Наш дом”, сярод замежных: літоўскія Belarus Watch і Беларускі Дом правоў чалавека ў выгнанні ў Вільні, бельгійскі Офіс за дэмакратычную Беларусь і іншыя. Пры падтрымцы партнёраў з краін Еўрапейскага Саюза, беларусы збіраюцца адстойваць ідэю бязвізавага руху паміж Беларуссю і іншымі еўрапейскімі краінамі. Пра гэта паведаміў аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследванняў Дзяніс Мельянцоў.

– Гэта была першая працоўная сустрэча дзе спрабавалі намацаць шляхі да лабіравання гэтай тэмы. Ужо зараз ёсць даследчы праект, які ставіць на мэце прааналізаваць у прыватнасці для Беларусі ўвядзенне безвізавага рэжыма, ён зараз рэалізуецца. Што датычыць змяншэння коштаў на візы і спрашчэння працэдуры і іх афармлення то зараз, гэта ўжо ў прынцыпе рэальна. Ужо ёсць дазвол Рады Еўрапейскага саюзу для камісіі пра правядзенне перамоваў. Як нам падаецца адна з праблемаў на шляху па ўвядзенні бязвізавага рэжуму, гэта як раз такі тое, што еўрапейцы не да канца ўсведамляюць, што беларусам трэба вось гэтая безвізавая прастора.

Як адзначаюць удзельнікі кааліцыі ў распаўсюджанай заяве, нягледзячы на палітычныя супярэчнасці паміж Мінскам і Бруселем, а таксама візавыя санкцыі, уведзеныя Еўрасаюзам супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў ды візавыя санкцыі ў адказ з беларускага боку, ЕС не адмовіўся ад планаў у найбліжэйшы час распачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму. Паводле апытанняў, магчымасць вольна вандраваць — асноўнае чаканне беларусаў у адносінах краіны з Еўрасаюзам.