Суд над Дароніным, Казаковым, Лобанам, Мацукевічам, Сакрэтам, Федаркевічам. Першы дзень

5 траўня ў судзе Маскоўскага раёну Менску пачаўся працэс у крымінальнай справе удзельнікаў Плошчы Дзьмітрыя Дароніна, Сяргея Казакова, Уладзімера Лобана, Віталя Мацукевіча, Яўгена Сакрэта, Алега Федаркевіча. Яны абвінавачваюцца па частцы.2 арт.293 «Масавыя беспарадкі». Судзьдзя Алена Шылько.

15.50

У працэсе абвешчаны перапынак да 10.00 6 траўня.

15.35

Пачаўся допыт Яўгена Сакрэта. Кажа, што хацеў застацца на выпадак, калі будзе намётавае мястэчка. У часе разгону атрымаў дубінкай па галаве. Сымпатызаваў кандыдатам і хацеў падтрымаць маральна. Пра забарону на вулічную акцыю ня чуў. Прызнае, што грукаў па шчытах міліцыянтаў і ў фанэру за дзьвярыма Дому ўраду.

Адбіваўся пасьля таго, як яго зьбілі міліцыянты. Масавых беспарадкаў не прызнае. Сваю віну прызнае часткова.

15.15

Допыт Уладзімера Лобана: Ніякіх пагромаў і масавых непарадкаў ня бачыў. Часткова прызнаў, што падтрымліваў чалавека, які біў па шчыту міліцэйскага спэцназу. Прыйшоў выказаць грамадзянскую пазыцыю. Зброі ня бачыў.

14.45

Пачаўся допыт Мацукевіча. Кажа, што пра Плошчу даведаўся зь дзяржаўных СМІ. Пайшоў з сябрамі з уласнага інтарэсу. Прызнаў, што на плошчы гукаў «Беларусы, сюды. Мы гаспадары краіны і будзем ёй кіраваць!» З плошчы сыйшоў сам.

Мацукевіч віны не прызнае.

14.14

Пачаўся допыт Федаркевіча. Кажа, што быў прастужаны і слаба, што помніць. Шыбаў ня біў, толькі даставаў пабітае шкло. Ён таксама некалькі разоў ударыў па фанеры за дзьвярыма. Віну прызнае часткова.

13.43 – 14.03

Распачаўся допыт Дароніна. Кажа, што пайшоў на Плошчу з двума сябрамі пачуць пра вынік выбараў. Папярэджаньняў міліцыі ня чуў. Нікога і нічога ня біў – толькі па агароджы нагамі. Кажа, што цалкам невінаваты.

Сказаў, што не было непарадкаў, а сам далучыўся не да бясчынства натоўпу, а да акцыі мірных грамадзянаў.

13.03

Цалкам не прызнае абвінавачаньне Даронін. Астатнія – часткова прызнаюць. Распачаўся допыт. Першы – Сяргей Казакоў.

Кажа, што ў інтэрнэце даведаўся пра Плошчу. Быў сьцвярозы, адзін, нікога ня ведае, Папярэджаньняў ад міліцыі ня чуў. Пайшоў з асабістага інтарэсу. Нічога супрацьпраўнага не рабіў. Атрымаў дубінкамі. Ударыў па агароджы некалькі разоў, бо яго білі.

Казакоў настойвае, што ён не вінаваты. Зброі ў людзей ён ня бачыў.

12.36

Дзяржаўны абвінаваўца зачытвае абвінавачаньне пра збройны супраціў, нанесеную шкоду Дому ўраду і міліцыянтам. Судзьдзя заявіла пра 29 пацярпелых. Тры ўжо на месцы. Астатнія абяцалі падыйсьці.

12.15

Абвінаваўца – Мельнік. У судзе – тры пацярпелых спэцназаўца міліцыі. Ідзе прадстаўленьне абвінавачаных.

12.10

Працэс распачаўся. Падсудныя знаходзяцца пад аховай. У залі – сваякі, правааабаронцы, адвакаты.

11.09

Судовы працэс быў перанесены з 10 да 12 гадзінаў, бо не зьявіўся адвакат Яўгена Сакрэта. Калі адвакат зьявіцца, суд працягнецца а 12 гадзіне.