Аўтааматары рыхтуюцца да чарговага падвышэння коштаў на паліва

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, найбліжэйшым часам кошты на паліва зноў вырастуць.

Чацвёртае за гэты год падвышэнне мусіць давесці кошт самай папулярнай маркі бензіну – А-92 да цяперашняга афіцыйнага курсу даляра. Не выключана, што ўжо ў гэтую суботу аўтааматары будуць вымушаныя купляць А-92 па 5.100 рублёў за літр.

У канцэрне “Белнафтахім” пакуль не пацвярджаюць, але і не абвяргаюць гэтую інфармацыю. Заўважым, што прэс-сакратар канцэрна Марына Касцючэнка зазначыла, што сапраўдны аўтааматар павінен заўсёды мець запас паліва.

– Такой інфармацыі няма, але пытанне мне задаюць кожны дзень пачынаючы з канца красавіка. Заўсёды варта трымаць запас паліва.

Чацвёртае падвышэнне яўна не будзе апошнім у гэтым годзе. Наперадзе – уборачная кампанія, калі ў Беларусі традыцыйна падвышаюцца кошты на дызельнае паліва ды бензін, бо дзяржава такім чынам кампенсуе выдаткі на сельскую гаспадарку.

Рыгор Сапежынск, Мінск.