У Брузгах пратэстоўцы вытрымалі процістаянне з АМОНам, спяваючы беларускі гімн (ВІДЭА)
Як паведамілі «Нашай Ніве» чытачы з Гродна, тамтэйшыя кіроўцы правялі забастоўку, перакрылі дарогу каля памежнага пераходу Брузгі.
Гэта на мяжы з Польшчай. Незадаволенасць была выкліканая гармідарам на мытні.
Пасля забароны вывазу паліва і спажывецкіх тавараў многіх кіроўцаў сёння заварачвалі назад.
У прыватнасці, не прапускалі тых, хто ехаў другі дзень запар. Гэта выклікала масавае незадавальненне.
Страйк пачаўся прыкладна а 18-й гадзіне. У ім узялі ўдзел больш за сто чалавек. Супраць страйкоўцаў быў пасланы АМОН. Супрацьстаянне відаць на змешчаным вышэй відэа. Страйкоўцы пабраліся за рукі і не саступілі АМОНу. У самы напружаны момант страйкоўцы заспявалі беларускі гімн. АМОН пад апладысменты адступіў.
Прымежны гандаль быў галоўным заробкам для многіх гарадзенцаў, балазе для прымежнікаў лягчэй вырабіць польскую візу.
Пасля таго як акцыяй пратэсту ў Мінску ўдалося дабіцца зніжэння цэнаў на бензін, у Гродне таксама спадзяюцца дабіцца рацыянальнага мытнага рэжыму.
Як стала вядомапазней, у Брузгах АМОН ужыў для разгону страйкоўцаў слезацечны газ, ёсць затрыманыя.